Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля шасьці сотняў пасажыраў цягніка расейскага фармаваньня Масква — Калінінград правялі кавалак ночы ў залі чаканьня аршанскага вакзалу. Зьвесткі пра магчымы тэрарыстычны акт паступілі ў аршанскую міліцыю ад смаленскіх калегаў.

Паведамлялася пра тэлефанаваньне невядомага, які папярэдзіў пра пагрозу выбуху. Прывакзальную тэрыторыю неадкладна ачапіла міліцыя, а сапёры пачалі шукаць бомбу. Трывога аказалася перабольшанай, аднак тэлефоннае “свавольства” каштавала пасажырам папсаваных нэрваў і амаль 3-гадзіннага спазьненьня. Хто ён — “тэлефонны тэрарыст” па-беларуску?

Адзін з супрацоўнікаў аршанскага дэпо кажа, што ад часу “рэйкавай вайны” пачатку 1990-х, калі рабочыя на чале зь Мікалаем Разумавым падчас страйку перакрывалі рух цягнікоў, такога ўзрушэньня мясцовая чыгунка ня памятае:
было вельмі шмат міліцыі, “эмчээсьнікаў”, усё было ачэплена ...

“Учора крыху раней сышоў з працы, таму сам момант не засьпеў. Але калегі расказалі, што было вельмі шмат міліцыі, “эмчээсьнікаў”, усё было ачэплена. Такое ў нас здараецца надзвычай рэдка: неяк падазроную скрыню хтосьці пакінуў, дык зь Віцебску сапёраў выклікалі, на дзьве гадзіны рух перакрылі; сьвятар кіляграмы чатыры золата забыўся, дык таксама пярэпалах быў, спынялі саставы, каб высьветліць — адкуль такое багацьце. Але ўсё гэта было досыць даўно ўжо”.

У міліцыі лічаць: у такіх выпадках лепш перастрахавацца, чым ігнараваць ананімныя пагрозы тэракту. На памяці нядаўні выбух у цягніку “Неўскі экспрэс” па маршруце Масква — Санкт-Пецярбург, ахвярамі якога сталі больш за 30 чалавек, а яшчэ блізу ста атрымалі раненьні.

Наколькі папулярнае хуліганства, зьвязанае з тэлефонным свавольствам? Ва Упраўленьні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму сьцьвярджаюць: гаворка ўсё ж пра адзінкавыя выпадкі.
У асноўным школьнікі “мініруюць школы”...

“Не зусім правільна казаць — папулярна гэта ці не. Так, факты такія пэрыядычна здараюцца. У асноўным, канечне, школьнікі “мініруюць школы”. Чагосьці большага, шчыра кажучы, ужо даўно не было. Хутчэй за ўсё, можна назваць нейкія адзінкавыя выпадкі. Не бяруся аналізаваць сытуацыю ўвогуле, але для Беларусі гэта выпадкі досыць рэдкія”.

У шэрагу нядаўніх здарэньняў — званок пра “замінаваньне” офіснага будынка на вуліцы Энгельса ў Менску. Прыстасаваньне, “начыненае цьвікамі і гайкамі”, шукалі, сярод іншага, і ў рэдакцыі газэты “Народная воля”. У лістападзе 2009-га на чыгуначны вакзал патэлефанаваў ананім, паведаміўшы, што ў вагоне цягніка Менск — Санкт-Пецярбург знаходзіцца выбухоўка. Пасажыраў вывелі з вакзалу, а састаў адагналі на запасныя пуці. Пасьля дзьвюхгадзіннай праверкі цягнік адправіўся па маршруце.

Увогуле Менск — лідэр у тэлефонных “жартах” такога кшталту. Шырокі розгалас выклікалі пагрозы ўзарваць жылы дом па вуліцы Пляханава, будынак Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Дом прэсы, а таксама Палац рэспублікі ў момант правядзеньня там устаноўчага зьезду “Белай Русі”. “Ураджайным” сталася “мінаваньне” будынкаў адразу чатырох раённых выканкамаў, у выніку чаго былі эвакуаваныя чыноўнікі адміністрацыяў Партызанскага, Ленінскага, Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў.

Адзначыўся і Гомель. Летась у верасьні гомельскія міліцыянты затрымалі жанчыну, якая “замініравала” адразу два вакзалы — чыгуначны і аўтобусны. Тая была “навесяле” і прызналася, што пажартавала. Аднак пасажыры перажылі стрэс, а цягнік Кіеў — Менск быў затрыманы амаль на гадзіну. Таксама ў Гомелі прыцягнулі да адказнасьці двух мужчынаў, якія па чарзе “мініравалі” дзіцячы корпус абласнога клінічнага шпіталя, Нікольскую царкву, а таксама двойчы — Цэнтральны калгасны рынак.

Шэраг тэрактаў быў зьдзейсьнены апошнім часам без усялякіх папярэджаньняў. Самы “гнюсны”, словамі Аляксандра Лукашэнкі, здарыўся ў ліпені 2008 году падчас сьвяткаваньня ў Менску Дня незалежнасьці — больш за 50 параненых. Дагэтуль аналягічныя выбухі прагрымелі ў Віцебску — агулам гэтаксама блізу паўсотні пацярпелых. У абодвух выпадках вінаватыя ня знойдзеныя дагэтуль. Ня так даўно самаробнае прыстасаваньне выбухнула ў Бабруйску.

Псыхіятар Ігар Сарокін кажа, што ў бальшыні выпадкаў тэлефонныя пагрозы нічога ня вартыя, бо гэта або такі экстрэмальны “жарт”, або, найчасьцей, на “подзьвігі” цягне пасьля лішку прынятага алькаголю:

“Тыя, з кім даводзілася працаваць па гэтай тэме, розныя людзі — і падлеткі былі, і больш сталага веку. І звычайна гэта альбо п’яныя жарты, альбо недастаткова клёку ў галаве, таму і тэлефануюць. Падлеткі ў бальшыні выпадкаў — каб пажартаваць ды сарваць заняткі”.

Карэспандэнт: “То бок не абавязкова гэта псыхічнае расстройства…”

“Зусім не абавязкова, хоць, напэўна, могуць быць тэлефанаваньні ад псыхічна нездаровых людзей. Але мне даводзілася сустракацца толькі вось з такімі людзьмі, якія альбо проста недаацэньваюць сытуацыю з прычыны свайго псыхічнага разьвіцьця, альбо з прычыны таго, што знаходзяцца ў стане алькагольнага ап’яненьня”.

КДБ і МУС Беларусі сумесна заяўляюць, што асобу тэлефоннага хулігана, які паведаміў пра бомбу, закладзеную ў цягніку Масква — Калінінград “Янтарь”, вылічылі па гарачых сьлядох. Паводле зьвестак, гэта 40-гадовы мужчына, жыхар Менску, псыхічна неўраўнаважаны. Падазраванага затрымалі, ступень ягонай датычнасьці да злачынства высьвятляецца.

Сёньня ж зьявілася паведамленьне, што з-за інцыдэнту на тэрыторыі Беларусі ўначы адбылося экстранае паседжаньне антытэрарыстычнай камісіі на чале з губэрнатарам Калінінградзкай вобласьці Георгіем Боасам. На ўсіх маршрутах сьледаваньня расейскіх цягнікоў узмацнілі захады бясьпекі і кантролю тэхнічнага стану рухомых саставаў, даглядаюць багаж і рэчы пасажыраў. У Беларусі надзвычайных захадаў ня ўводзілася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG