Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя сустракаюць Нараджэньне Хрыстова


Менскі Сьвята-Духаў кафедральны сабор

Менскі Сьвята-Духаў кафедральны сабор

Сёньня ў праваслаўнай царкве ў Беларусі — апошні дзень перад сьвятам Нараджэньня Хрыстовага. Позна ўвечары ў храмах распачнуцца ўрачыстыя літургіі, якія абвесьцяць надыход аднаго з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў.

Цягам дня ў цэрквах рыхтаваліся да сьвята: стаенкі займалі месцы каля алтароў, упрыгожваліся калядныя ялінкі. Сёньня ж служацца перадсьвяточныя літургіі. У Менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы іх сэнс патлумачыла супрацоўніца Алена:

“Сёньня Куцьця — Куцьця перад Раством Хрыстовым. І гэтая служба, літургія сьвяточная, канечне. Будзем весяліцца і вітаць нованароджанага Хрыста, каб ён усё зло са сьвету забраў, каб у сэрцах людзей пасяліўся. Каб ва ўсіх была любоў і радасьць”.

Яшчэ адна супрацоўніца, Валянціна, якая працуе ў царкоўным шапіку, дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра падрыхтоўку да сьвята:

Карэспандэнтка: “Вы тут, у царкве, працуеце, пэўна, ня першы год?”

Валянціна: “Так, ужо тры дзясяткі ў царкве”.

Карэспандэнтка: “Ёсьць з чым параўнаць: ці больш людзей стала прыходзіць?”

Валянціна: “Ой, што вы — непараўнальна. Некалі мы баяліся зайсьці, а зараз — вунь ходзяць і з пагонамі, і ўсялякія — усім гэта падабаецца. Сёньня яшчэ ня так, а ноччу, заўтра — вельмі шмат людзей будзе”.

Праваслаўныя вернікі сёньня мусяць трымаць апошні дзень радаснага перадкаляднага посту. Многія прыходзяць у царкву напярэдадні, каб паспавядацца і замовіць малітву за жывых і памерлых сваякоў. Гутару з вернікамі:

Спадарыня: “У такое сьвята ўсе хочуць памаліцца за сваіх блізкіх і родных. Каб усе разам парадаваліся сьвяту Раства”.

Карэспандэнтка: “Вы сёньня ў царкве чаму?”

Юнак: “У мяне сёньня іспыт, і я вырашыў прыйсьці перад гэтым памаліцца. А па-другое, заўтра сьвята. Я студэнт, ня зь Менску, і заўтра паеду да бацькоў, каб сьвяткаваць разам”.

Спадарыня: “Гэта вельмі вялікае сьвята для ўсёй нашай сям'і. Рыхтуемся мы, нашыя бацькі, прывучаем дзяцей. Гэтак мы зьвяртаемся да Бога і просім, каб спрыяў нашай сям'і”.

Начная літургія, якая азначае надыход Раства Хрыстовага, у большасьці праваслаўных прыходаў распачынаецца апоўначы. Усяночную малітву ў катэдральным Сьвята-Духавым саборы ўзначаліць мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, паведаміла манахіня Клаўдзія, якая таксама павіншавала слухачоў са сьвятам:

“Мілыя і добрыя нашыя браты і сёстры! Жадаю, каб гэты заклік — Хрыстос нарадзіўся, Бог уцелавіўся — вы памяталі заўсёды. І каб вы ведалі, што Бог заўсёды з намі, што ён на нас глядзіць і чакае, каб мы былі, як дзеці, як Бог-немаўля — чыстымі, і да гэтага імкнуліся”.

Набажэнства ў сьвята Нараджэньня Хрыстовага зь менскага Сьвята-Духавага катэдральнага сабору будзе трансьлявацца па Першым нацыянальным тэлеканале.

Жанчына дыктуе манашцы імёны блізкіх, якіх трэба згадаць падчас службы

Менскі Свята-Духаў катэдральны сабор. У Каляды кожны вернік імкнецца зазірнуць у царкву, памаліцца за сваіх блізкіх

Менскі Свята-Духаў катэдральны сабор. У Каляды кожны вернік імкнецца зазірнуць у царкву, памаліцца за сваіх блізкіх

Менскі Свята-Духаў катэдральны сабор. У Каляды кожны вернік імкнецца зазірнуць у царкву, памаліцца за сваіх блізкіх

“Хрыстос нарадзіўся!” — гучыць сёньня ў праваслаўных храмах

Сьвяточная служба ў Сьвята-Петра-Паўлаўскiм саборы Менску

Сьвята-Петра-Паўлаўскi сабор. Сьвятар айцец Георгій пасьля службы распавядае вернікам пра Каляды, пра тое, як паводзіць сябе ў гэты дзень


Сьвяточныя літургіі 7 студзеня ў бальшыні праваслаўных храмаў Беларусі будуць праходзіць цягам усяго дня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у катэдральным саборы сьвяточная ютрань распачнецца а 16 гадзіне. Традыцыйна ўдзел у ёй бяруць прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпляматычнага корпусу. Ці возьме ўдзел у набажэнстве Аляксандар Лукашэнка, не паведамляецца. Напярэдадні кіраўнік краіны павіншаваў праваслаўных хрысьціянаў з урачыстасьцю Божага Нараджэння.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG