Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самотнае Раство чарнобыльскіх самасёлаў


На самым поўдні Беларусі ў Брагінскім раёне ёсьць вёска Гдзень. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы яе двойчы адсялялі. Напачатку людзей вывозілі таму, што Гдзень уваходзіла ў так званую “цыркульную” 30-кілямэтровую зону вакол ЧАЭС. Пасьля ўлады вырашылі, што жыць тут можна, і пачалі вяртаць вяскоўцаў назад. Потым ізноў адсялялі. Але блізу сотні чалавек тут жывуць і зараз. Як яны адзначаюць сьвята Божага Нараджэньня?


78-гадовая жыхарка Гдзені спадарыня Антаніна апавядае, як яе сям’я рыхтуецца да сустрэчы Раства Хрыстовага:

“Варым кашу, куцьця ў нас называецца. У кут сена кладзем, у кут і куцьцю ставім. Грушы сушаныя ў чыгунку ў печ ставім.

У каго ёсьць мяса, той запякае яго ў печы. У каго няма, курыцу купіць і запячэ. Гэта ж пост ужо канчаецца ў нас.

Раней аўталаўка езьдзіла, а цяпер не прыяжджае. Мы старыя, сын Толя ў Кіеў паехаў, няма каму нават у краму схадзіць. Дык ужо падрыхтуем тое, што ёсьць. Ну, можа, хто вінца прынясе — папросім. Ды так і адсьвяткуем”.

За каляднай вячэрай, як апавядае вясковая кабета, людзі жадаюць адзін аднаму здароўя й дабрабыту. У царкву ня ходзяць, бо ў вёсцы яе няма. Праваслаўная царква ёсьць у мястэчку Камарын, але да яго добры дзясятак кілямэтраў — старым ня так проста туды дабрацца:

“Царквы ж у нас няма. Гэта толькі ў Камарыне царква ёсьць, але хто ж туды паедзе. Аўтобус ходзіць у Камарын толькі раз на тыдзень.

Маладзейшыя ў царкву асабліва й ня ходзяць. Гэта ёсьць тут у нас Мікалай Козел, ён ня надта стары. Гэта ён толькі кожнае сьвята ў царкву ды ў царкву. І сястра яго, яна маладзейшая за яго, дык вось яны царкву наведваюць вельмі часта. Калі ўжо не ў Камарыне, то тут у нас украінскі Чарнігаў недалёка. Дык яны езьдзяць у Чарнігаў”.

У вёсцы Савічы таго ж Брагінскага раёну з ранейшых амаль двухсот самасёлаў засталося менш як паўсотні. Гэтую вёску ўлады спрабавалі адрадзіць, дазволіўшы многім жыхарам вярнуцца назад пасьля чарнобыльскага адсяленьня. Але вярнуць яе да жыцьця па-сапраўднаму не ўдалося.

Раство Хрыстова тутэйшыя жыхары сустракаюць пераважна ў адзіноце.

Апавядае 67-гадовая пэнсіянэрка Кацярына:


“У нас жа царквы няма. У хаце сяджу адна — якое тут сьвяткаваньне? Прыгатую што — ды ў хаце. Усе па хатах! Вёска вялікая, але на адной вуліцы ж не жывуць — на той вуліцы адна, на іншай… Усе па сваіх хатах сядзяць. А куды пойдзеш?! Замяло сьнегам. То былі ня чысьцілі, а нядаўна пачысьцілі трохі. Сёньня зноў мяце. Упраўлюся з гаспадаркай, грубкі напалю ды тэлевізар гляджу. Каб тэлевізара не было, то ня ведаю, што б рабіла”.

На Гомельшчыне зарэгістраваныя 164 праваслаўныя парафіі й 3 манастыры. Дзейнічаюць больш як 120 цэркваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG