Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Патрабуюцца пакупнікі вакцыны ад "сьвінога" грыпу


Нямеччына ўсьлед за Францыяй спадзяецца прадаць іншым краінам лішкі вакцыны, якая абараняе ад "свінога" грыпу. Тым часам Беларусь закупіла расейскую вакцыну.


"Даволі нізкі ўзровень гатовасьці насельніцтва да вакцынацыі, а таксама новыя прадпісаньні адносна гэтых прышчэпак прывялі да таго, што шматлікія эўрапейскія краіны панясуць значныя страты з-за нескарыстаных вакцынаў", – піша Der Tagesspiegel.

У Нямеччыне, да прыкладу, прышчэпку зрабіў толькі кожны дзясяты жыхар, і прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя фэдэральных земляў плянуюць падчас перамоваў з канцэрнамі, якія пастаўляюць вакцыны GlaxoSmithKline, абмяркоўваць скарачэньне аб'ёмаў паставак мэдыкаментаў прэвэнтыўнага прызначэньня.

Нямеччына спадзяецца знайсьці за мяжой пакупнікоў на нескарыстаную вакцыну. Першыя запыты ўжо паступілі з Ірану, з Косава, з Украіны і з Турцыі. Французскі ўрад ужо адправіў у рамках дамовы ў Катар 300 тыс. дозаў. Эгіпет жадае набыць 2 млн. дозаў. Па дадзеных на канец сьнежня, у самой Францыі ад "сьвінога" грыпу вакцынаваныя 4,6 млн. чалавек з 64-мільённага насельніцтва краіны.

Тымчасам Беларусь закупіла 1 мільён дозаў вакцыны супраць сьвінога грыпу, каб вакцынаваць каля 500 тысячаў супрацоўнікаў так званых жыцьцёва важных службаў – мэдыкаў, супрацоўнікаў жыльлёва-камунальных службаў, шэрагу падразьдзяленьняў МУС і МНС.

У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што вакцына супраць вірусу пандэмічнага грыпу – прэпарат “Інфлювір” расейскай вытворчасьці. Усяго набыта 1 мільён дозаў, але ў ведамстве ўдакладнілі, што прывіта будзе людзей удвая менш, паколькі вакцына ўводзіцца двухразова. Паводле папярэдніх прагнозаў, імунітэт пасьля прышчэпкі выпрацоўваецца прыблізна цягам двух тыдняў.

Апроч таго, будуць набытыя дадатковыя дозы вакцыны супраць вірусу грыпу А/H1N1. Але іншыя грамадзяне змогуць прышчапіцца толькі за асабістыя сродкі.
XS
SM
MD
LG