Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 студзеня ў Першамайскім судзе Менску мусяць сустрэцца сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі з прадстаўнікамі Белдзяржтэлерадыёкампаніі.


Падставай стаў рэпартаж, які 27 верасьня прапанавалі гледачам у перадачы “Панарама тыдня”.

Севярынец і Рымашэўскі патрабуюць абвяржэньня інфармацыі. У сваім пазове сустаршыні аргкамітэту БХД сьцьвярджаюць, што “матэрыялы сюжэта насілі неабгрунтаваны, паклёпніцкі характар, утрымлівалі хлусьню і скажоную інфармацыю аб сябрах аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, груба абражалі гонар і годнасьць заснавальнікаў партыі, уводзілі ў зман грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія зьяўляліся гледачамі дадзенай перадачы”.

Павал Севярынец абвінавачвае аўтараў перадачы ў фальсыфікацыі выказваньняў людзей, якія давалі інтэрвію карэспандэнтам БТ. Апроч таго, аўтары рэпартажу спасылаліся на малавядомыя інтэрнэт-сайты як на аўтарытэтныя крыніцы інфармацыі.

Афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы архімандрыт Алексій пасьля выхаду сюжэту ў эфір назваў яго “замоўленым палітычным матэрыялам”, які выклікаў “вельмі негатыўную рэакцыю эпіскапату”.

Паводле архімандрыта Алексія, Царква ні ў якім выпадку не выступае супраць хрысьціянска-палітычных партый і рухаў, а наадварот, вітае дзейнасьць падобных і іншых палітычных арганізацый, калі іх канцэпцыя не супярэчыць хрысьціянскай маралі і хрысьціянскім каштоўнасьцям.

Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі патрабуюць, каб ім далі магчымасьць выступіць на тэлебачаньні і распавесьці пра сапраўдныя мэты стварэньня БХД.

Севярынец паведаміў “Свабодзе”, што, на ягоную думку, дата судовага паседжаньня была абраная невыпадкова. Менавіта 6 студзеня ў праваслаўных хрысьціян — Куцьця. На думку сустаршыні аргкамітэту БХД, такім чынам улады спрабуюць сапсаваць актывістам партыі сьвята і дабіцца найменшай колькасьці людзей у судовай залі.

Суд пачнецца а 10 гадзіне.


XS
SM
MD
LG