Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калінінградзкая вобласьць і краіны Балтыі могуць застацца без электраэнэргіі, якая ідзе транзытам з Расеі празь Беларусь. Пра такую магчымасьць ужо разважаюць афіцыйныя асобы ў Расеі і Літве. А беларускі бок абвяргае паведамленьні пра магчымае спыненьне транзыту.

Афіцыйны Менск настойвае, каб Масква больш плаціла за транзыт электрычнай энэргіі, якая празь Беларусь ідзе ў краіны Балтыі. Пасьля закрыцьця Ігналінскай атамнай станцыі гэтыя краіны, найперш Літва, адчуваюць дэфіцыт энэргіі. І Беларусь вырашыла скарыстаць зручны момант ды зарабіць на гэтым дадатковыя грошы, кажуць экспэрты.

У прыватнасьці, Валянцін Мацкевіч тлумачыць:

«Усе транзытныя тарыфы, якія былі раней, нават цяжка назваць транзытнымі тарыфамі. Гэта, хутчэй, тарыфы па перадачы нафты, газу альбо, як у дадзеным выпадку, электраэнэргіі. Усе яны значна ніжэйшыя за эўрапейскія. Але ж гэтыя тарыфы былі малымі таму, што і рэсурсы з Расеі таксама былі таньнейшымі».

Беларускі бок цьвердзіць: расейскія кампаніі, якія «перакідаюць» энэргію на краіны Балтыі, не ўдакладнілі ўмовы транзыту на 2010-ты год. І таму Менск настойвае, каб перамовы пачаліся неадкладна. Масква, спасылаючыся на сьвяточныя вакацыі, кажа: раней за 10-га студзеня гэта немагчыма.

Усе транзытныя тарыфы, якія былі раней, нават цяжка назваць транзытнымі тарыфамі.
Сёньня я патэлефанаваў у Маскву, дзе знаходзіцца галоўны офіс «Фэдэральнай сеткавай кампаніі «Адзіныя энэргасыстэмы», каб удакладніць сытуацыю. У адказ чую наступнае:

«Толькі пасьля 11-га студзеня пачне працаваць «ФСК «АЭС».

Экспэрт Мацкевіч кажа: закрыцьцё Ігналінскай АЭС не было ніякім сакрэтам. І таму Менск мог рыхтавацца да наступстваў такой сытуацыі загадзя, а не чакаць апошняга моманту:

«Гэтая сытуацыя справакаваная найперш дзеяньнямі Расеі. І зразумела, чаму — калі ўзьнікнуць зацяжкі, перапынкі ў пастаўках, то паказаць непадрыхтаванасьць, не зусім правільныя паводзіны партнэра. А за гэтыя гады нашаму ўраду ўжо даўно было б пара падрыхтавацца. Ніводную дамову нельга пераносіць аж да 31 сьнежня. Яны ўсе павінны заключацца да 20-га чысла».

У Літве гатовыя скарыстаць унутраныя рэсурсы. «Падставаў для занепакоенасьці, што пастаўкі электраэнэргіі спажыўцам будуць спыненыя, няма», — заявіў у інтэрвію Літоўскаму радыё міністар энэргетыкі краіны Арвідас Сямкомас. Ён сказаў, што Літва зможа забясьпечыць сябе ўласнай электраэнэргіяй зь цеплаэлектрастанцыі. Але яна будзе даражэйшая.

У размове са «Свабодай» дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Томас Янялюнас адзначае:

«Роля Беларусі ў гэтым пытаньні даволі важная, бо менавіта празь яе могуць пастаўляцца вялікія аб’ёмы электраэнэргіі з Расеі і нават з Украіны. І таму з-за той напружанасьці, якая зьявілася ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Расеяй, і ў нашых энэргетыкаў узьніклі пытаньні. Найперш: калі ўзьнікнуць перабоі зь імпартам энэргіі з Расеі, ці могуць яны кампэнсавацца пастаўкамі з другога боку, праз Латвію і г.д.?

Што можа адбыцца ў такой сытуацыі? Цэны на электрычную энэргію могуць падняцца, калі спатрэбіцца ўключыць некаторыя іншыя маршруты пастаўкі электраэнэргіі».

XS
SM
MD
LG