Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па справе экс-пракурора Сьнегіра апытана болей за 100 сьведак


Міхаіл Сьнягір

Міхаіл Сьнягір

У Вярхоўным судзе Беларусі за зачыненымі дзьвярыма працягваецца працэс над былым пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром.

Паводле дасьведчаных крыніц, па справе апытана болей за 100 сьведак.

Адвакат Сьнегіра Анатоль Шапялевіч: «Невядома, калі працэс скончыцца. Не магу нават сказаць, ці прайшлі мы палову шляху. Гэта лепш ведаюць сьледчыя, якія правялі велізарную працу. Але якім будзе яе вынік? Мой падабаронны па-ранейшаму сваёй віны не прызнае». Раней Анатоль Шапялевіч заяўляў, што некаторыя сьведкі кажуць пра невінаватасьць Міхаіла Сьнегіра.

Судзіць былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра пачалі яшчэ 10 жніўня. Яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару, службовых злоўжываньнях і захоўваньні патронаў. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Разам са Сьнегіром судзяць былога дырэктара фірмы «Забудова» Міхаіла Кудзелку, які, паводле сьледзтва, нібыта даваў хабар Сьнегіру ў выглядзе будаўнічых матэрыялаў на пабудову загараднага катэджа.

У лістападзе 2008 году Аляксандар Лукашэнка загадаў зьняць з пасадаў Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава ды прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з гісторыяй аб элітнай кватэры Сьнегіра па вуліцы Грыбаедава. Тады падазрэньні ў датычнасьці да карупцыі былі выказаныя таксама на адрас судзьдзяў Цэнтральнага суду Менску Алены Ільіной, Валера Есьмана і Тацяны Паўлічук. З гэтых судзьдзяў страціла пасаду толькі Алена Ільіна. Пазьней у справе Сьнегіра пачаў фігураваць і загарадны катэдж.
XS
SM
MD
LG