Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за 5 студзеня, аўторак У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на нафтавую тэму, цікавяцца, колькі Беларусь здабывае сваёй нафты; абмяркоўваюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс; рэагуюць на праграмы радыё, выступаюць з прапановамі, а таксама дзеляцца навінамі.

Слухачоў Радыё Свабода хвалюе нафтавае пытаньне — падвышэньне коштаў на нафту, перамовы наконт паставак і транзыту ў 2010 годзе. У зьвязку з гэтым яны цікавяцца, колькі ў Беларусі здабываецца сваёй нафты і колькі неабходна закупляць па-за межамі краіны. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

Спадар Алесь Харытон: “На нафтавую тэму пытаньне. У бел-чырвона-белы пэрыяд нашай краіны шмат гаварылася пра беларускую нафту: што яе мы здабываем каля двух мільёнаў тон, што яна ўнікальна якасная і шмат каштуе. Цяпер ціха. Што, высмакталі ўсю?”

На пытаньне Алеся Харытона адказвае экспэрт у паліўных пытаньнях, былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

“Здабыча нашай нафты як была, так і застаецца — каля 2 мільёнаў тон, не павялічваюцца і не зьмяншаюцца аб’ёмы. Ідзе разьведка новых радовішчаў, некаторыя сьвідравіны закрываюцца. То бок нашы аб’ёмы якія былі, такія і засталіся — каля 2 мільёнаў тон. Але двух мільёнаў тон нафты для Беларусі, вядома, недастаткова. Таму для нас вельмі важна ўсё ж такі атрымліваць нафту з Расеі. Ранейшыя разьлікі паказваюць, што каля 8 мільёнаў тон нафты патрэбна для эканомікі Беларусі”.

Хвалюе слухачоў “Свабоды” і тэма выбараў — мясцовых, якія адбудуцца сёлета, і прэзыдэнцкіх наступнага году. Са скептыцызмам сталы слухач “Свабоды” ставіцца да зьменаў у выбарчым кодэксе, якіх, паводле чыноўнікаў ЦВК, унесена больш за сто. Меркаваньне слухача:

“Дастаткова было б унесьці толькі хаця б 4 папраўкі: скасаваньне датэрміновага галасаваньня, пазбаўленьне чыноўнікаў манаполіі на фармаваньне камісій, якія павінны быць створаны напалову з дэмакратычна актыўных грамадзянаў, гэта наданьне назіральнікам сапраўдных паўнамоцтваў, і, нарэшце, — узмацніць адказнасьць, аж да крымінальнай, чыноўнікаў за парушэньне выбарчага заканадаўства... Колькі ж будзем маўчаць, патураць і дазваляць зьневажаць сябе! Хопіць абмяжоўвацца аднымі толькі званкамі на “Свабоду”. Трэба ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй актыўна вылучаць сапраўдных прадстаўнікоў!”

Наша сталая слухачка спадарыня Ларыса зь Менску адгукнулася на праграму, якая прагучала на Радыё Свабода ў панядзелак: гарадзенцы адказвалі на пытаньне, дзе, на іх думку жывецца лепш пэнсіянэрам — у Беларусі ці за мяжой? Спадарыня Ларыса выказала такую прапанову:

“Было б цікава, каб карэспандэнты асьвятлілі пытаньне больш шырока: як харчуюцца пэнсіянэры ў замежных краінах, як апранаюцца, ці наведваюць тэатры, музэі, падарожнічаюць у іншыя краіны. І тады можна будзе параўнаць лад жыцьця нашых пэнсіянэраў і пэнсіянэраў, да прыкладу, Нямеччыны, Польшчы, любой заходняй краіны. Можа, сапраўды, мы лепш жывём, чым яны?”

Дзякуй, спадарыня Ларыса, за слушную прапанову. Сапраўды, усё пазнаецца ў параўнаньні.

Сталы слухач “Свабоды” Анастас Семяновіч адгукнуўся на выказваньні кіраўніка краіны падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі:

“Таварыш Лукашэнка гаворыць, што пытаньні моўныя раз і назаўсёды ў краіне вырашаныя, у той пэрыяд часу, пакуль ён будзе прэзыдэнтам. Канстанцін Паўстоўскі пісаў: “Чалавек, абыякавы да роднай мовы, — Ікар. Адарваўшыся ад роднай духоўнай і культурнай глебы, ён становіцца нярэдка ахвярай самай агіднай бездухоўнай пошласьці”. У культурных краінах сьвету ўвогуле ня ставіцца пытаньне, трэба ці ня трэба вывучаць родную мову. Школьнае і дашкольнае навучаньне і выхаваньне па ўсім сьвеце пачынаецца ў роднай мове. Таварыш Лукашэнка, мова, канечне, выжыве. Будзе жыць насуперак вашаму незаконнаму рэфэрэндуму. Анастас Семяновіч”.

А Ніна Ярмалінская з Салігорску падзялілася з Радыё Свабода добрай навіной:

“У новым 2010 годзе я спадзяюся выдаць кнігу для дзяцей пад назваю “Маім маленькім сябрам”. Зборнік вершаў падрыхтаваны да выданьня і знаходзіцца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Зараз вядуцца перамовы з новым кіраўніцтвам вытворчага аб’яднаньня “Беларуськалій” наконт фінансаваньня выданьня кнігі”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для SMS-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG