Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня тэлерадыёкампанія “Магілёў” пакажа на канале “Лад” свае новыя праграмы па-беларуску — “Слоўца” й “Тэрра Гісторыка”. Праграмы выйдуць у вечаровым эфіры. Неабходнасьць зьяўленьня беларускамоўных праграмаў дырэктарка кампаніі Ірына Акуловіч тлумачыць тым, што ў эфіры беларускага тэлебачаньня замала праектаў па-беларуску:


“Зараз пачалі выходзіць на беларускай мове навіны. Цяпер будзе на беларускай мове выходзіць гістарычная праграма. Мы лічым, што гэта неабходна. У краіне ўсё ж дзьве мовы дзяржаўныя, і дужа мала вяшчаньня на беларускай мове. А гістарычныя праекты маюць права выходзіць па-беларуску”.

У астатніх трох праектах – пра жыцьцё вяскоўцаў, савецкіх вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, а таксама пра спартовыя дасягненьні – гаварыць будуць па-расейску.

Навіны рэгіёну па-беларуску тэлерадыёкампанія “Магілёў” пачала перадаваць ад 19 кастрычніка. Ад 2006 году беларускай мовы ў эфіры тут не было.

У жніўні афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі распаўсюдзілі весткі пра намеры Магілёўскага аблвыканкаму ўтварыць адмысловую камісію, якая павінна распрацаваць праграму паэтапнага вяртаньня мовы ў публічнае жыцьцё. Так распарадзіўся, паводле іх, старшыня ўладнай вэртыкалі Пётар Руднік.

Кіраўнік управы ідэалягічнай працы аблвыканкаму Валер Ільянкоў тады ж, у жніўні, выказаў незадавальненьне тым, што дзяржаўныя СМІ не падаюць інфармацыі па-беларуску. Менавіта з гэтай праблемы, паведаміў ён, пачнецца праца дзеля вяртаньня мовы ў публічнае жыцьцё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG