Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З новага году ў 2—3 разы вырасьлі кошты беларускіх візаў для замежных грамадзян. Перш за ўсё для тых, хто атрымлівае візы ў аэрапортах. У Консульскай управе МЗС “Свабодзе” гэта патлумачылі ўводам у дзеяньне дадаткаў да асаблівай часткі Падатковага кодэксу.

Апрача таго з новага году аплата за візы пераведзеная з даляраў у эўра. Зьмененыя і тыпы віз – цяпер дзейнічае тры тыпы візаў: транзытная, кароткатэрміновая і доўгатэрміновая, падзелу на турыстычныя і дзелавыя візы няма.

Як патлумачылі ў консульскім пункце ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”, калі раней патэнцыйны турыст з Эўразьвязу, зацікаўлены прыехаць у Беларусь, мог атрымаць там аднаразовую кароткатэрміновую беларускую візу за 60 даляраў, то цяпер – за 180 эўра. Доўгатэрміновыя візы для грамадзян Эўразьвязу і ЗША каштуюць больш за 200 эўра.

“У іх ёсьць выбар: альбо браць візу ў амбасадзе Беларусі ў сваёй краіне за 60 эўра, альбо ў аэрапорце за 180 эўра. Фактычна яны плацяць за тэрміновасьць паслугі”,-- патлумачылі ў консульскай управе МЗС Беларусі. Вырас кошт візавых паслуг і пры афармленьні ў амбасадах, але не так кардынальна.

У консульскім пункце аэрапорта “Менск-2” зазначылі, што замежныя грамадзяне плацяць і па новых тарыфах, ніхто пакуль не адмаўляўся.

Але ў турфірмах кажуць, што замежнікі пачынаюць адмаўляцца ад паездак у Беларусь, паколькі тут адны з самых дарагіх візаў у сьвеце.

Беларускія ўлады штогод прымаюць праграмы прыцягненьня замежных турыстаў у краіну, але пакуль гэтыя праграмы не дзейнічаюць, у тым ліку і з-за дарагоўлі і складанасьці візавых працэдур. Лік замежных грамадзян, якія купляюць турыстычныя прадукты ў Беларусі, складае каля 100 тысяч на год.

Амаль 5 гадоў таму зь ініцыятывы прэзыдэнта Віктара Юшчанкі Ўкраіна скасавала візавы рэжым з краінамі Захаду, і цяпер туды прыяжджаюць мільёны заходніх турыстаў. Паводле Віктара Юшчанкі – да 25 мільёнаў на год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG