Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: заява Менску пра транзыт электраэнэргіі ў Калінінград – шантаж


ААТ "Інтэр РАТ ЕЭС" лічыць непрымальным паводзіны беларускага боку ў адносінах да праблемы транзыту электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць, заявіў РІА Новости афіцыйны прадстаўнік "Інтэр РАТ" Барыс Зьвераў.

Як раней паведамлялася, беларускія энэргетыкі заявілі 4 студзеня, што могуць спыніць пастаўкі электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць праз тэрыторыю Беларусі з-за няўзгодненасьці ўмоваў транзыту.

Паводле слоў Зьверава, перад Новым годам беларускі бок, парушаючы дамоўленасьці, "патрабаваў павялічыць амаль у 2,5 разу кошт транзыту электраэнэргіі". "Затым, пасьля Новага году, яны запатрабавалі павялічыць цану на транзыт яшчэ амаль у 2,5 разу", — сказаў ён.

"У самым канцы 2009 году "Інтэр РАТ ЕЭС" адправіў беларускім партнэрам сустрэчныя прапановы, якія павінны абмяркоўваць 11-12 студзеня падчас перамоваў у Маскве", — паведаміў Зьвераў.

"Тым ня менш мы назіраем, што беларускія прадстаўнікі пачынаюць уздымаць у СМІ тэму абмежаваньня транзыту электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць", — зазначыў Зьвераў. Паводле слоў прадстаўніка расейскай кампаніі, "мы можам расцаніць гэта як шантаж".

Ён зазначыў, што такія паводзіны ня здольныя ўрэгуляваць сытуацыю і не адпавядаюць агульнапрынятым нормам вядзеньня перамоваў. "Але мы працягваем спадзявацца, што здаровы сэнс пераважыць", — падкрэсьліў Зьвераў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG