Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавая вайна пахавае Мытны саюз?


Ці ставіць нафтавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй пад сумнеў існаваньне Мытнага саюзу? Ці можна сьцьвярджаць, што беларускія перамоўшчыкі наўмысна ідуць на скандал, каб дабіцца ад Расеі саступак? Ці пойдзе Масква на такія саступкі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць: зь Менску — кіраўнік Цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.


Яраслаў Раманчук
Кірыл Коктыш

“Кожны з бакоў спасылаецца на адзін і той жа дакумэнт, але робіць процілеглыя высновы”


Цыганкоў: Калі паспрабаваць глянуць на гэтую сытуацыю збоку (калі гэта магчыма) — чые аргумэнты, на вашу думку, больш пераканаўчыя? І з пункту гледжаньня міжнародных юрыдычных правілаў, і з пункту гледжаньня дамоўленасьцяў, якія існуюць паміж Беларусьсю і Расеяй, уключна з дамовай аб стварэньні Мытнага саюзу?

Коктыш: Па-першае, мы ня бачылі самога пагадненьня аб Мытным саюзе. І вельмі цяжка спрачацца, а што яно рэглямэнтуе. Уся беларуская аргумэнтацыя будуецца на тым, што міжнароднае пагадненьне павінна мець перавагу перад унутранымі. Але ці ёсьць такая супярэчнасьць увогуле? Трэба паглядзець дакумэнты, і можа высьветліцца, што яе няма. Тады ўся аргумэнтацыя Менску можа ляснуцца.

Цыганкоў: Беларускі бок нібыта хоча, каб уся нафта паступала ў Беларусь бязмытна, а расейскі бок настойвае, каб беларусы дзяліліся прыбыткамі, якія яны атрымліваюць ад экспарту нафтапрадуктаў. Наколькі тут абгрунтаваная аргумэнтацыя бакоў?

Раманчук: Ведаеце, калі за сталом сядзяць два шулеры і кожны хоча атрымаць перамогу — тут гаварыць пра нейкія правілы гульні нельга. Навошта спасылацца на Мытны саюз Беларусі, Казахстану і Расеі — калі дагэтуль існуе (ніхто яго не адмяняў) Мытны саюз паміж Беларусьсю і Расеяй, а таксама “саюзная дзяржава”?

Калі б паўстала пытаньне, ці можна ўводзіць экспартнае мыта паміж Партугаліяй і Францыяй, паміж Літвой і Нямеччынай — то ніхто б так пытаньне ня ставіў. Бо гэта немагчыма! Калі нешта называецца Мытны зьвяз, то гэта павінен быць Мытны зьвяз, ёсьць правілы гульні, якія маюць пэўнае прававое акрэсьленьне.
Але ёсьць гульцы на нафтавым рынку, якія вырашылі, што Беларусь больш ня будзе нафтавым афшорам Расеі ...

А тут віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Сечын узяў гэта ў свае рукі і кажа — больш мы вас датаваць ня будзем, прадавайце нам вашу нафтахімію, тады мы будзем далей супрацоўнічаць. Але Менск жадае, каб Расея і надалей падтрымлівала беларускую эканамічную мадэль. І я ня бачу сэнсу ў гэтым Мытным зьвязе, бо кожны з бакоў спасылаецца на адзін і той жа дакумэнт, але робіць процілеглыя высновы. І таму гэтыя канфлікты дэ-факта ня маюць ніякай моцы. Але ёсьць гульцы на нафтавым рынку, якія вырашылі, што Беларусь больш ня будзе нафтавым афшорам Расеі.

“На постсавецкай прасторы не паперкі, ня права маюць значэньне, а “паняцьці”.


Цыганкоў: Мне гэтая сытуацыя нагадвае знакамітую показку. Глядзіце, нібыта ёсьць Мытны саюз, а для нафты і газу — няма, як сьцьвярджае Масква. Дык так і ў показцы пра рабіна, які ўбачыў кашалёк у суботу. Субота — падымаць кашалёк нельга. І ён моліць Бога — “няхай для ўсіх будзе субота, а для мяне — чацьвер!”

Коктыш: Тут варта дадаць тое, чаму вучаць студэнтаў, юрыстаў-міжнароднікаў. Тое, што міжнароднае права стваралася слабымі краінамі супраць моцных. Гэта быў сродак абароны слабых, але ня тыя правілы, паводле якіх гуляў моцны. Таму я згаджуся зь Яраславам, што ёсьць юрыдычнае афармленьне, якое можна інтэрпрэтаваць у той ці іншы бок, але ёсьць і рэальныя інтарэсы, і яны будуць першасныя.

Цыганкоў: Давайце пра іх і пагаворым. Як гэта магчыма, што існуе Мытны саюз, але нафта і газ — гэта прадукты, якія не ўваходзяць у правілы Мытнага саюзу? Ці гэта проста Расея дыктуе партнэрам свае правілы гульні, а рэальна ніякага Мытнага саюзу няма?

Коктыш: Мы ж ня бачылі тэксту Мытнага саюзу — што ўваходзіць, а што не. Можа, ён падпісаны толькі па нейкім шэрагу тавараў, а не па ўсёй прадукцыі. Магчыма, там няма і ніякай супярэчнасьці ў фармулёўках.

Цыганкоў: Яраслаў, ці згодныя вы, што Беларусь наўмысна ідзе на скандал і гэта адзіна магчымая правільная пазыцыя для беларускіх перамоўшчыкаў?

Раманчук: Скандал да гэтага часу быў вельмі эфэктыўным крокам, і Лукашэнка выбіваў ад Расеі, што хацеў. Пакуль ён маўчыць, але, я думаю, ягоная рыторыка будзе вельмі вострай. Ён можа паставіць пад пагрозу існаваньне Мытнага зьвязу, можа ўвесьці мараторый на існаваньне “Саюзнай дзяржавы”. На ўсе гэтыя дамоўленасьці, зь якіх карыстаецца Расея, каб нейкім чынам атрымаць ня столькі эканамічныя, колькі палітычныя дывідэнды.

Але блеф заканчваецца. Ці будзе Расея далей паддавацца яму — залежыць ад таго, на якой пазыцыі будуць Сечын і Пуцін. Пакуль яны займаюць вельмі вострую пазыцыю, кажуць, што больш мы датаваць Беларусь ня будзем. І ўсе паперкі, падпісаныя Масквой і Менскам — ня маюць ніякага значэньня. На постсавецкай прасторы не паперкі, ня права маюць значэньне, а “паняцьці”.

Дагэтуль мы таксама бачылі, як расейскія тавары не пускаюць у Беларусь, як абмяжоўваецца гандаль паміж дзьвюма краінамі. Таму Расея мае багата фактаў, каб даказаць, што Беларусь сама не паважае правілы Мытнага саюзу.

“Ня варта было ўвогуле Менску ўлазіць у гульні з Мытным зьвязам”


Цыганкоў: Кірыл, на вашу думку, як гэтая тактыка (ці ўжо стратэгія) беларускага боку — наўмысна абвастраць сытуацыю — можа спрацаваць на гэты раз?
пагроза дэнансацыі Мытнага саюзу будзе працаваць і даваць дывідэнды ...

Коктыш: Мне здаецца, Менск будзе рэалізоўваць якраз тую тактыку, пра якую казаў Яраслаў. Бо адзіны рэзон падпісваць Мытны саюз, не падлічыўшы ўсе наступствы для сябе — гэта надзея, што Мытны саюз стане нейкай каштоўнасьцю для Масквы, якой яна будзе прытрымлівацца. І пагроза дэнансацыі Мытнага саюзу будзе працаваць і даваць дывідэнды.

Але, здаецца, гэтыя разьлікі былі даволі павярхоўнымі, бо ад дэнансацыі Мытнага зьвязу невядома, хто больш страціць і хто больш знойдзе. Бо эканомікі Расеі, Беларусі і Казахстану — вельмі розныя. Калі коратка казаць, то Расея і Казахстан зацікаўленыя ў максымальным кошце нафты, а беларуская — у максымальным кошце канчатковага прадукту. Гэта азначае, што ўзгадненьне інтарэсаў павінна было заняць нашмат болей часу. Гэта азначае, што пагадненьне проста было непадрыхтаванае.

А зараз існуе надзея, што Захад будзе кампэнсаваць беларускія страты. Але ў мяне моцныя сумневы, што ў Захаду знойдуцца на гэта грошы і жаданьне. Таму мне здаецца, што гэтая гульня была вельмі кепска падрыхтаваная Менскам.

Ня варта было ўвогуле ўлазіць у гульні з Мытным зьвязам. Калі падпісваць, то падпісваць тое, што можа працаваць. І тады б не ўзьнікала такіх калізіяў, што сёньня мы падпісалі дамову, а празь месяц зьбіраемся выходзіць. Гэта не дадае аўтарытэту ніякай краіне.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG