Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магілёўскі час” трэці раз не зарэгістравалі


Ганна Ільіна

Ганна Ільіна

Міністэрства інфармацыі трэцім разам адмовіла недзяржаўнай газэце “Магілёўскі час” у рэгістрацыі. Гэтым разам чыноўнікі, паводле дырэктаркі таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Магілёўскі час” Ганны Ільіной, выявілі, што памяшканьне, у якім знаходзіцца юрыдычны адрас выданьня, не адпавядае патрабаваньням заканадаўства.

Уладальнік памяшканьня, таварыства “Наладка-Сервіс”, прапануе скасаваць дамову на яго арэнду па ўзгадненьні бакоў. Калі да 15 студзеня гэтага не адбудзецца, уладальнік мае намер скасаваць дамову ў аднабаковым парадку.

Ганна Ільіна перакананая, што на ўладальніка памяшканьня цісьне мясцовая ўлада. Акурат перад навагоднімі сьвятамі дзейнасьць таварыства “Наладка-Сервіс” правяралі супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што нібыта жыхары раёну, дзе зьбіраюцца рэгістраваць газэту, незадаволеныя зьяўленьнем друкарні; акрамя таго, яны супраць і самой рэгістрацыі газэты.

“Я ня ведаю, адкуль наагул зьявілася інфармацыя пра друкарню, аднак гэты нібыта зварот жыхароў і справакаваў праверкі дзейнасьці арандадаўцы. Мы не зьбіраемся скасоўваць дамову паводле пагадненьня бакоў, але яна адназначна будзе скасаваная. Улада ўпарта супраць рэгістрацыі недзяржаўнай газэты. І, магчыма, мы абралі не найлепшы час — напярэдадні выбарчых кампаніяў. Спачатку нас адмаўляліся рэгістраваць у межах заканадаўства аб СМІ, цяпер жа пайшлі шляхам ціску на арандадаўцу”, — зазначае Ганна Ільіна.

Першы раз газэту адмовіліся рэгістраваць, бо ў яе галоўнага рэдактара не было вышэйшай адукацыі. Другі раз — праз адсутнасьць у рэгістрацыйным пакеце копіі дамовы заснавальніка зь юрыдычнай асобай, на якую ўскладаліся функцыі рэдакцыі газэты.

Газэта “Магілёўскі час” выходзіла як незарэгістраванае грамадзка-палітычнае выданьне ад 2007 году з накладам 299 асобнікаў. Спробы зарэгістраваць газэту ідуць ад 10 верасьня 2009 году.
XS
SM
MD
LG