Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку нафты на чвэрць


Канцэрн “Белнафтахім” абверг інфармацыю агенцтва Reuters пра спыненьне паставак расейскай нафты беларускім НПЗ. Агенцтва спасылалася на прадстаўнікоў расейскіх нафтатрэйдэраў. Тым часам на абодвух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах зазначылі зьніжэньне аб’ёму перапрацоўкі сыравіны.

Афіцыйнай інфармацыі пра спыненьне паставак расейскай нафты ў Беларусь няма ні з расейскага, ні зь беларускага боку. Агенцтвы Reuters і Інтэрфакс у сваіх паведамленьнях спасылаюцца на ананімныя крыніцы. Паводле паведамленьня Reuters, з новага году пастаўкі на два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ўвогуле спыненыя. Інтэрфакс жа піша, што заводы маюць маршрутную тэлеграму ад расейскай “Транснафты” на прапампоўку перадаплочанага летась аб'ёму ў памеры 1,126 мільёна тон нафты.

Прэсавы сакратар канцэрну “Белнафтахім” Марына Касьцючэнка наконт гэтага заявіла:

“Гэтая інфармацыя непраўдзівая, нафта паступае, заводы працуюць паводле звычайнага графіку. Нашы прадпрыемствы працуюць кругласутачна”.

Марына Касьцючэнка заявіла таксама, што на заводах ёсьць і запасы сыравіны.

Тым часам з саміх НПЗ даходзяць весткі пра істотнае скарачэньне перапрацоўкі нафты з 1 студзеня.

У прыватнасьці, супрацоўнік наваполацкага “Нафтану” Сяргей Сідараў паведаміў:
Нават спынілі адну ўстаноўку ...

“Упала на 25 працэнтаў. Загрузка была 1000 тон, а зараз 750. Гэта я сам бачыў, якраз я працаваў у суботу вечарам. Нават спынілі адну ўстаноўку”.

У калектыве “Нафтану” хвалююцца з гэтай нагоды, а таксама ў зьвязку з інфармацыяй пра магчымы продаж прадпрыемства расейскім кампаніям:
Людзі разумеюць, што калі прададуць, сем тысяч ня будзе працаваць ...

“Людзі разумеюць, што калі прададуць, сем тысяч ня будзе працаваць у нас на заводзе. Яны ўсё паабяцаюць, а потым пачнуць скарачаць”.

Пра складанасьці кажуць і на Мазырскім НПЗ — тут вытворчасьць упала на 30 працэнтаў. Новая партыя нафты на прадпрыемства паступіла з умовай, што за яе будзе заплачана поўнае мыта, гэтак, як і вымагае расейскі бок. У гэтым калектыве людзі таксама хвалююцца, бо сытуацыя стварае ўнутраныя праблемы з падпісаньнем калектыўнай дамовы, вытворчымі плянамі, заробкамі.

Незалежны спэцыяліст у галіне энэргетыкі Аляксандар Бардоўскі мяркуе, што ў цяперашнім нафтавым канфлікце бакі ўсё ж дамовяцца, як гэта было і ў 2007 годзе. Тады беларускі бок фактычна прайграў аналягічнае супрацьстаяньне:
Прайграў у тым, што Расея пачала будаваць новы трубаправод БТС-2 ...

“Прайграў у тым, што Расея пачала будаваць новы трубаправод БТС-2. Яны арыентуюцца на 50 мільёнаў тон нафты ў год. А 50 мільёнаў — гэта аб’ём, які цяпер ідзе празь Беларусь на Польшчу”.

Менск і Масква спрачаюцца за вялікія грошы, якія ў выглядзе мыта з нафты і нафтапрадуктаў могуць пайсьці альбо ў беларускі, альбо ў расейскі бюджэт, але Расея ў цяперашнім супрацьстаяньні зь Беларусьсю мае і геапалітычную мэту, — зазначае аналітык у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч:

Валяцін Мацкевіч
“Што тычыцца інфармацыйнага боку, для Расеі вельмі важна паказаць, што Беларусь і Ўкраіна не зьяўляюцца надзейнымі партнэрамі, падрываюць Эўрапейскую энэргетычную хартыю. І калі ўлічваць збліжэньне Эўрапейскага зьвязу зь Беларусьсю, тое, што Менску даруюць многія грахі, каб вывесьці з-пад уплыву Расеі, то ў Масквы можа быць мэта перашкодзіць гэтаму”.

Валянцін Мацкевіч перакананы, што цяперашні канфлікт вакол мыта на расейскую нафту цалкам перакрэсьлівае Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, які павінен запрацаваць з новага году.
XS
SM
MD
LG