Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, ня трэба марнаваць грошы на перадвыбарчую кампанію?”


У Маскве працягваюцца перамовы урадавых дэлегацый Беларусі і Расеі пра пастаўкі расейскай нафты ў 2010 годзе. Дзьве папярэднія сустрэчы гэтых дэлегацый скончыліся безвынікова. Камэнтары слухачоў:


Спадар, Маладэчна:
“У Лукашэнкі зьявіўся новы аб’ект шантажу — гэта адзіная мытная прастора з Казахстанам і Расеяй. Але калі яшчэ вядуцца перамовы пра пастаўку нафты, якія яшчэ ня скончаныя, то навошта скарыстоўваць шантаж пра выхад з мытнай прасторы? Навошта папярэдне муціць ваду і дэзінфармаваць народ?”

Спадарыня: “Спадар пасол Расеі ў Беларусі Сурыкаў, вы не разумееце, чаму апазыцыя супраць Лукашэнкі. Ды таму што і яна, і просты народ беларускі ад яго стаміліся. Ён маральна ўсім надакучыў сваімі фанабэрыстымі паводзінамі на публіцы, ён робіць усё, што яму ўскочыць у галаву. Як жа гэта ўсё абрыдла, Божа мой!”

Далей выказваньне на адрас апазыцыі:

Іван Леўчанка, Крычаў: “Вы далі слова Анатолю Лябедзьку, а ён распавёў пра свае пляны, мары, адна зь якіх была — сьпіхнуць Лукашэнку ці “абагнаць з гары”. Але пасьля, схамянуўшыся, паправіўся, напалохаўся, сказаў, што гэта жарты. Лябедзька ведае, што Рыгоравіч слухае Радыё Свабода. Я б хацеў, каб Лябедзька прыехаў у Крычаў, каб ён расказаў тут пра свае пляны. Ня той час, каб па радыё толькі выказвацца, трэба да народа прыйсьці, а не сядзець у машыне з таніраванымі вокнамі”.

Выказваньне камэнтуе Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
“Што тычыцца — “зьехаць з гары”, то гэта, канечне, жарт. Бо Лукашэнка не падпускае апазыцыю бліжэй за артылерыйскі стрэл і ні на якія кантакты не ідзе. Што тычыцца паездак, то я зь вялікім задавальненьнем бываў на ўсіх прахадных прадпрыемстваў Менску, былі паездкі па Магілёўшчыне. Калі ёсьць дакладныя запрашэньні ў Крычаў, то ладзьце сустрэчу — зь вялікім задавальненьнем прыеду я і іншыя мае калегі”.

У працяг выбараў наступнае пытаньне:

Спадарыня, Менск: “Выступоўцы-палітолягі, якія робяць прагноз наконт таго, ці пераможа Лукашэнка на выбарах, у адзін голас заяўляюць, што пераможа. Бясспрэчна. Так думаюць і многія выбаршчыкі. Дык, можа, ня трэба марнаваць грошы на перадвыбарчую кампанію? А грошы патраціць на іншыя мэты: напрыклад, падвышэньне пэнсій, падвышэньне акладаў”.

Адказвае палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
“Сапраўды, у сёньняшняй сыстэме, калі, фактычна, выключаная палітычная канкурэнцыя, шансы дзейнага лідэра вельмі высокія. Аднак, па-першае, кожныя выбары — гэта момант непрадказальнасьці. І таму нават у такіх умовах палітычным супернікам варта змагацца і варта ісьці на выбары”.

Працягваюць праграму віншаваньні слухачоў:

Спадар: “Усіх супрацоўнікаў радыёстанцыі “Свабода” віншую з Новым годам, Калядамі! Дзякуй за праўдзівую аб’ектыўнасьць. Так трымаць!”

Віктар Канцавенка, Рэчыца: “Вельмі хацелася б у 2010 годзе бачыць перамены да лепшага ў жыцьці простага беларуса. Жадаю здароўя, шчасьця, Божай ласкі і даўгалецьця без хвароб”.

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “З Новым годам, сябры, і дзякуй вам вялікі за вашу працу”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Хачу пажадаць нашым людзям сёлета, каб яны нарэшце расплюшчылі вочы і ўбачылі, як жорстка іх падманулі 15 гадоў таму”.

Ніна Ярмалінская, Ларыса Насановіч, Мікола Шаравар, сям’я Шылаў, Салігорск: “Багдану Андрусішыну. Дарагі Багдан! З днём нараджэньня цябе, любы! Моцнага табе здароўя, творчасьці, шчасьлівых і радасных падзеяў”.

Спадарыня: “Я хачу павіншаваць песенькай.

Чакаем цябе, наш Ісус,
І молім, прыйдзі Ты да нас.
Мы любім сваю Беларусь
І хочам, каб ты яе спас.
Прыйдзі у яе Ты двары,
У вёскі прыйдзі, ў гарады.
Жыві ў яе сэрцы, Ісус!
Чакае цябе Беларусь”.


Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG