Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Станіслаў Шушкевіч – палітык, фізык. Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь (1991–1994). Працаваў у Інстытуце фізыкі АН Беларусі, у Менскім радыётэхнічным інстытуце, у БДУ. Абіраўся дэпутатам Вярхоўных Саветаў СССР і БССР. Разам з кіраўнікамі Расеі і Ўкраіны ў 1991 годзе падпісаў Белавескія пагадненьні. Доктар фізыка-матэматычных навук. Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?

Магчымасць быць самім сабой, а яшчэ – абавязак не перашкаджаць іншым мець такое ж права.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Інстынкт самазахаваньня.


Што для вас шчасьце?


Займацца любімай працай.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Здрады ўласным прынцыпам пры спакусе ці пад прымусам.


Які талент вы хацелі б мець?

Прыстойна граць на раялі.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Пад сучасьнікамі, якімі захапляюся, разумею тых, хто, на шчасьце, жыве або быў жывым пасьля майго нараджэньня. Пачнем з беларусаў – захапляюся Ларысай Геніюш, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Караткевічам. З тых, каго давялося пачуць і ўбачыць на уласныя вочы, – Янам Паўлам ІІ, акадэмікам Сахаравым, Лехам Валэнсам, Эдвардам Хітам, Гельмутам Колем, Білам Клінтанам, Жэлю Жэлевым, Віктарам Юшчанкам, Бальцэровічам. З “тэарэтычна” вядомых – Чэрчылем.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Майстраваць, будаваць, прымаць гасьцей.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Пастараўся б быць больш чулым і клапатлівым да родных і блізкіх.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ад бабулі: у кожным чалавеку імкніся знайсьці добрае, яно абавязкова ёсьць.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Будзе тое, што будзе, і ўсё залежыць ад усяго.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У сапраўды дэмакратычнай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У сваю.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Кіраўніком быў, зрабіў, што мог, але далёка ня ўсё, што хацеў. Добра ўсьвядоміў, хацець – мала. Трэба мець плян рэалізацыі “хаценьня” плюс працаздольнасьць, цярпеньне, мужнасьць і шэраг іншых дадатных якасьцяў, каб такі плян рэалізаваць. Кіраўнік дзяржавы павінен арыентавацца на аб’ектыўныя паказчыкі духоўнага і маёмаснага дабрабыту грамадзянаў. Галоўны зь іх – сярэдняя працягласьць жыцьця. Гэты паказчык у Беларусі недапушчальна нізкі, бо дзяржава клапоціцца аб дабрабыце ўлады, а не грамадзянаў. Побыт многіх сялянаў застаецца і сёньня пазамінулавечным. Яго трэба паляпшаць найперш.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Партнэрскія, узаемавыгадныя. Беларусь як незалежная дзяржава павінна адпавядаць стандартам краінаў – чальцоў Эўразьвязу.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Партнэрскія, раўнапраўныя.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

У наш час у Беларусі дыктатура можа быць сваёй толькі для хаўрусьнікаў, аб’яднаных злачыннымі задумкамі, і для тых, хто ня мае ўласнага пачуцьця чалавечай годнасьці.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Зьменіцца хутчэй, чым зьнікне расейская падпорка дыктатарскага рэжыму.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Большасьць стане гаварыць па-беларуску праз 5-10 гадоў пасьля таго, як антыбеларускі прэзыдэнт і ўрад заменяцца беларускімі.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Загавораць!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG