Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ня вераць у хуткае заканчэньне крызісу


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў надрукаваў важнейшыя вынікі нацыянальнага апытаньня ў сьнежні 2009 году.

Паводле дасьледчыкаў, эканамічны крызіс, які, па словах Аляксандра Лукашэнкі, “толькі загартаваў беларусаў”, стаў праблемай №1 для бальшыні грамадзянаў краіны. Больш за 80% апытаных лічаць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, для 52% 2009 год аказаўся больш складаным, чым папярэдні 2008-ы. Прычым для 41% крызіс адбіваецца самым сур’ёзным чынам на штодзённым існаваньні сям’і.

Прыкладам, 28% апытаных беларусаў цягам апошніх 12 месяцаў сутыкаліся з затрымкай выплаты заробку ці пэнсі (прычым 19% – некалькі разоў ці штомесяц); ад 54% да 61% рэспандэнтаў за гэты ж пэрыяд даводзілася адкладаць набыцьцё ці скарачаць вылаткі на пакупку адзеньня, тэлевізара ці кампутара, паездку на адпачынак.

На пытаньне – калі гаварыць пра жыцьцё Вашай сям’і, якія мэты Вы ставіце перад сабой? – амаль 40% адказалі: “жь ня горш, чым большасьць сем’яў горадзе, раёне. Тады як “жыць лепш, чым бальшыня, імкнуцца толькі 26.5%. Сярод праблемаў, якія найбольш стаяць перад краінай і яе грамадзянамі, амаль 80% назвалі рост коштаў, 42% – зьбядненьне насельніцтва, блізу 40% -- беспрацоўе, 34% – спад вытворчасьці, 25.5% – карупцыю, хабарніцтва.

Паказальна, што пагрозу незалежнасьці Беларусі адчуваюць толькі 4% беларусаў.

Крызіс выявіў і фундамэнтальныя зьмены, якія адбыліся ў структуры беларускага грамадзтва за апошняе дзесяцігодзьдзе: на меркаваньне амаль 40% апытаных, ад крызісу мацней за ўсё пацярпелі бедныя і малазабясьпечаныя (толькі 3% сказалі, што мацней пацярпелі работнікі ўладных інстытута, чыноўнікі). Тое, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, у значнай ці поўнай ступені лічаць сьледзтвам эканамічнай палітыкі дзяржавы звыш паловы насельніцтва. Таму, ня гледзячы на бадзёрыя заявы ўладаў, 51.5% чакаюць заканчэньня крызісу не раней чым праз год, а яшчэ чвэрць – толькі пасьля 2011-га.
XS
SM
MD
LG