Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на нафту растуць. Беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку нафты на чвэрць. 3-га студзеня бакі не знайшлі рашэньня па пытаньнях паставак і транзыту нафты ў 2010 годзе. Расея заяўляе, што не спыняла паставак нафты ў Беларусь і транзыт у бок заходнеэўрапейскіх спажыўцоў.



4 студзеня 16.30
Расея без дамоваў працягвае транзыт нафты празь Беларусь

Віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Ігар Сечын падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Уладзімерам Пуціным паведаміў: “Мы працягваем транзыт бесьперашкодна ў бок заходнеэўрапейскіх спажыўцоў, і ўчора пачаліся адгрузкі на беларускія НПЗ: на Наваполацкі НПЗ — каля 100 тысяч тон нафты, і 78 тысяч нафты на Мазырскі НПЗ таксама пачалі адгружаць”.

4 студзеня Нафтавая вайна вывела на дыстанцыю

Сёньня ў Маскве выходны дзень. Сьвяты працягнуцца да 10 студзеня, што ўскладняе перамоўны працэс. Паводле прэсавага сакратара беларускага ўраду Аляксандра Цімашэнкі, перамовы праходзяць “дыстанцыйна”.

4 студзеня Беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку нафты на чвэрць

На абодвух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах зазначылі зьніжэньне аб’ёму перапрацоўкі сыравіны.

Афіцыйнай інфармацыі пра спыненьне паставак расейскай нафты ў Беларусь няма ні з расейскага, ні зь беларускага боку.

4 студзеня 14.13 Беларусь можа спыніць транзыт расейскай электраэнэргіі ў Калінінград

“Белэнэрга” заяўляе, што магчымае спыненьне транзыту расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць.

Да гэтага часу расейскія энэргетычныя кампаніі (…) не ўзгаднілі зь беларускім бокам умовы транзыту электраэнэргіі па тэрыторыі Беларусі для энэргазабесьпячэньня спажыўцоў Калінінградзкай вобласьці і для камэрцыйных паставак у краіны Балтыі.

4 студзеня Эўропа занепакоеная канфліктам Масквы і Менску

Напружанасьць паміж Беларусяй і Расеяй у сувязі з пастаўкамі нафты аналізуецца эўрапейскімі сродкамі масавай інфармацыі.

4 студзеня Цэны на нафту растуць

Інфармацыя пра тое, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь спыніліся, выклікала рост цэнаў на міжнародных біржах, паведамляе шэраг інфармацыйных агенцтваў.

3-га студзеня цана на нафту на нью-ёрскай біржы NYMEХ (New York Mercantile Exchange) перавысіла 80 даляраў за барэль.


Нафтаправод "Дружба"

“Дружба” — найбуйнейшая ў сьвеце сыстэма магістральных нафтаправодаў. Пабудаваная ў 1960-я, каб пампаваць нафту з тагачаснага СССР у краіны Ўсходняй Эўропы.

Нафтаправод ідзе ад расейскага Альмецьеўска. Ля Мазыра нафтаправод разгаліноўваецца на 2 часткі: паўночную (па тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Латвіі і Літвы) і паўднёвую (па тэрыторыі Ўкраіны, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны).

У сыстэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў, 45 помпавых станцыяў, 38 прамежкавых помпавых станцыяў, сховішчы на 1,5 мільёнаў кубічных мэтраў нафты.

Штогод у краіны Эўропы праз “Дружбу” пампуецца 66,5 мільёнаў тонаў нафты.


4 студзеня 10.06
Інтэрфакс: Беларускія НПЗ не атрымліваюць расейскую нафту

"Нафтан" і "Мазырскі НПЗ" (глядзі на мапе) па стане на раніцу 4 студзеня не атрымліваюць расейскую нафту, паведаміла крыніца ў нафтавай галіне Беларусі.

Беларускія НПЗ маюць маршрутную тэлеграму ад "Транснафта" на прапампоўку прадаплочанага беларускім бокам аб'ёму ў памеры 1,126 мільёнаў тонаў нафты. Маршрутная тэлеграма – гэта падстава для таго, каб сыравіна пастаўлялася на НПЗ.

Пастаўкі 1,126 млн тонаў у студзені аплочаны беларускім бокам паводле ўмоваў 2009 году.

У той жа час крыніца падкрэсьліла, што транзыт расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі (нафтаправод "Гомельтранснафта "Дружба") у Польшчу і Нямеччыну ідзе ў поўным аб'ёме. "Заводы транзытную нафту не бяруць", - канстатаваў суразмоўца Інтэрфаксу.

4 студзеня 9.45 "Белнафтахім": Нафта паступае

Прэсавая сакратарка канцэрну “Белнафтахім” Марына Касьцючэнка абвергла інфармацыю агенцтва Reuters аб спыненьні паставак расейскай нафты двум беларускім НПЗ. Агенцтва спасылалася на ананімных прадстаўнікоў расейскіх нафтатрэйдэраў.
“Гэтая інфармацыя непраўдзівая, нафта паступае, заводы працуюць паводле звычайнага графіку”,-- заявіла Марына Касьцючэнка.

3 студзеня 22.19 Перамовы па нафце працягнуцца 4 студзеня

Расея і Беларусь у нядзелю 3-га студзеня не знайшлі рашэньня па пытаньнях паставак і транзыту нафты ў 2010 годзе. Перамовы працягнуцца ў панядзелак.

3 студзеня Расейская кампанія "Транснефть" абяцае не зьмяншаць транзыт нафты праз Беларусь

Як заявіў 3 студзеня віцэ-прэзыдэнт кампаніі "Транснефть" Міхаіл Баркоў, Расея не скароціць аб'ём транзыту нафты праз Беларусь ні пры якіх акалічнасьцях.

3 студзеня 06.34 Reuters: Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь

31 сьнежня 2009 Беларускія ўрадоўцы паскардзіліся на ціск з боку Расеі на перамовах пра пастаўкі нафты

Чальцы беларускай урадавай дэлегацыі, што вялі ў Маскве перамовы пра пастаўкі нафты, заявілі пра беспрэцэндэнтны ціск з боку Расеі. Як паведамлялася раней, перамовы завяршыліся безвынікова, і беларуская дэлегацыя 31 сьнежня адправілася дахаты.

31 сьнежня Беларусь ня здолела дамовіцца з Расеяй пра нафту

Перамовы беларускай дэлегацыі аб пастаўках расейскай нафты ў 2010 годзе завяршыліся безвынікова. Паведамляецца, што перамовы зайшлі ў тупік з-за таго, што беларуская дэлегацыя настойвала на бяспошлінных пастаўках расейскай нафты, у той час як Крэмль прапаноўваў гэтую льготу толькі для паставак на ўнутраны беларускі рынак.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG