Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка “адпомсьціць” за нафту на хакейнай пляцоўцы


Пакуль выпраўленыя ў Маскву ўрадоўцы намагаюцца выгандляваць лепшыя ўмовы ў справе пастаўкі нафты на 2010 год, Аляксандар Лукашэнка сёньня дасьць старт у Менску Каляднаму хакейнаму турніру на прыз прэзыдэнта Беларусі. Традыцыйнаму сьвяту спорту №1 у Беларусі не перашкаджаюць ні газавыя войны, як раней, ні нафтавыя – як цяпер.

Гэтым разам у Менск прыехалі каманды са Славаччыны, Фінляндыі, Расеі, Швайцарыі, Украіны, Канады, Нямеччыны. Беларусь будзе прадстаўляць, як падае афіцыйная прапаганда, “наймацнейшая аматарская дружына сьвету” -- каманда прэзыдэнта Лукашэнкі.

Нагадаем, што ў пяці папярэдніх турнірах перамога заставалася за паплечнікамі Лукашэнкі і толькі аднойчы, у 2007-м, беларускія аматары (дзеля справядлівасьці, напалову ўкамплектаваныя колішнімі гульцамі зборнай Беларусі) літасьціва саступілі ў фінале расейцам – якраз у год канфлікту на газавым фронце. Як будуць разгортвацца падзеі падчас сёлетняга нафтавага супрацьстаяньня – напэўна, у немалой ступені будзе залежаць ад выніку паездкі беларускіх перамоўнікаў у Маскву.
XS
SM
MD
LG