Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь у нядзелю 3-га студзеня не знайшлі рашэньня па пытаньнях паставак і транзыту нафты ў 2010 годзе. Перамовы працягнуцца ў панядзелак.

"Перамоўны працэс не скончаны”, - паведаміла “РИА Новости” памочнік міністра энэргетыкі Расеі Ірына Есіпава.

Пасьля правалу перамоваў аб умовах экспарту расейскай нафты ў Беларусь, Расея спыніла пастаўкі сыравіны на абодва беларускія НПЗ, -- паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на расейскіх пастаўшчыкоў нафты.

Беларусь пагражае выхадам з Мытнага саюзу.

Як паведамляе Reuters, транзыт нафты праз Беларусь у Нямеччыну і Польшчу працягваецца ў ранейшым рэжыме. Паводле прадстаўнікоў двох расейскіх нафтатрэйдэраў, пастаўкі спыненыя з 1 студзеня, аднак Наваполацкі і Мазырскі НПЗ маюць запас сыравіны, дастатковы для працягу вытворчасьці цягам тыдня.

Аднак як заявіў 3 студзеня віцэ-прэзыдэнт кампаніі "Транснефть" Міхаіл Баркоў, Расея не скароціць аб'ём транзыту нафты праз Беларусь ні пры якіх акалічнасьцях.

Расея і Беларусь увайшлі ў 2010 год без пагадненьня пра гандаль нафтай.

Масква заяўляла, што калі пагадненьне ня будзе падпісана, ад 1 студзеня Беларусі давядзецца аплачваць 100% мыты пры пастаўцы расейскай нафты.

Менск у сваю чаргу настойвае на льготным мытным рэжыме.
XS
SM
MD
LG