Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія "Транснефть" абяцае не зьмяншаць транзыт нафты праз Беларусь


Як заявіў 3 студзеня віцэ-прэзыдэнт кампаніі "Транснефть" Міхаіл Баркоў, Расея не скароціць аб'ём транзыту нафты праз Беларусь ні пры якіх акалічнасьцях.


Як перадае агенцтва БелаПАН, па словах Баркова, зараз працягваюцца беларуска-расейскія перамовы, і неўзабаве можа стаць вядомы іх вынік.

"Транзыт нафты праз Беларусь ня будзе скарачацца ні пры якіх акалічнасьцях", - сказаў Баркоў. Што да паставак нафты беларускаму боку, тое тут усё залежыць ад пазыцыі Менску, дадаў ён.

3 студзеня агенцтва Рэйтар са спасылкай на неназваных трэйдараў паведаміла, што расейская нафта не паступае на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з 1 студзеня, але яны маюць досыць запасаў, прыкладна на тыдзень.

Як раней паведамлялася, Беларусь і Расея так і ня здолелі падпісаць дамову пра ўмовы пастаўкі нафты 30-31 сьнежня. Расейскі бок заявіў тады пра адсутнасьць у беларускіх перамоўшчыкаў дастатковых паўнамоцтваў і прыняў рашэньне пастаўляць нафту ў Беларусь з 1 студзеня 2010 году, уключаючы ў кошт 100% стандартнай экспартнай мыты на нафту. У 2009 годзе ў кошт уваходзіла спэцмыта ў памеры 35,6% стандартнай экспартнай мыты.

У адказ урад Беларусі заявіў пра беспрэцэндэнтны ціск з боку Расеі на перамовах пра пастаўкі нафты, аднак пацьвердзіў гатовасьць працягваць перамовы.
XS
SM
MD
LG