Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На парозе нафтавай вайны


Беларусь і Расея не дамовіліся пра ўмовы пастаўкі нафты ў 2010 годзе. Расейскі бок праінфармаваў, што ад 1 студзеня будзе браць мыта ў поўным аб’ёме на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Незалежныя экспэрты не выключаюць, што гэтая сытуацыя можа прывесьці да беларуска-расейскай нафтавай вайны.


Расея зрабіла ўсё магчымае дзеля падпісаньня дамовы да 1 студзеня аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні расейскага ўраду. Беларускаму боку былі перададзеныя праекты адпаведных дакумэнтаў. Ад 10 па 31 сьнежня вяліся перамовы ў штодзённым рэжыме. Аднак з афіцыйным Менскам не ўдалося дамовіцца, дакумэнты не падпісаныя. Расейскі бок заявіў, што ад 1 студзеня будзе браць мыта ў поўным аб’ёме на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Хаця расейскі ўрад гатовы да бязмытных паставак нафты для ўнутранага спажываньня Беларусі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія ствараюць прававыя падставы для гэтага. Таму беларускі бок зноў запрошаны ў Маскву для падпісаньня дакумэнтаў у студзені. Беларускі ўрад заявіў, што гатовы працягнуць перамовы. Калі ж яны аднавяцца? Прэс-сакратар беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка сказаў карэспандэнту “Свабоды”:

“Трэба ўлічваць, што ў Расеі навагоднія і калядныя сьвяты. Таму, як толькі абодва бакі будуць гатовыя да падаўжэньня канструктыўных перамоваў, тады яны будуць працягнутыя”.

Паводле прадстаўніцы канцэрну “Белнатфтахім”, там рыхтаваліся да самых розных варыянтаў разьвіцьця падзеяў, і пакуль прадпрыемствы працуюць.

Беларусі бок настойвае на бязмытных пастаўках усёй расейскай нафты. Паводле прэс-службы беларускага ўраду, падчас перамоваў 30—31 сьнежня ў Маскве на беларускую дэлегацыю ўчыняўся беспрэцэдэнтны ціск, што зьяўляецца “абсалютна неабгрунтаваным і недапушчальным". Маўляў, беларускаму боку было прапанавана парушыць базавую дамову пра стварэньне адзінай мытнай тэрыторыі і Мытны саюз.

Паводле эканамічнага аглядальніка газэты “Беларусы і рынак” Тацяны Манёнак, пакуль праблем з нафтай на беларускіх прадпрыемствах няма, бо былі назапашаны рэзэрвы, каля 200 тысяч тон, таксама зроблена аплата авансам. Ці прывядзе цяперашні канфлікт да “нафтавай” вайны, як гэта было ў 2007 годзе?

Тацяна Манёнак
“Наступаць на тыя ж граблі беларускі бок ня будзе, бо тыя ўмовы, якія выставіла Расея Беларусі абсалютна лягічныя. Беларускі бок ня быў згодны з тым, што Расея амаль за месяц да канца году прынцыпова зьмяніла перамоўную пазыцыю. Гэта сыгнал для Беларусі, што, калі яна ня будзе рабіць саступкі Расеі, то палітыка датаваньня скончыцца. Расея дэманструе: льготы толькі ўзамен на сустрэчныя крокі. Расейскі бок цікавіць і беларуская інфраструктура, і самае галоўнае, кошт гэтых прадпрыемстваў. Магчыма, будуць знаходзіцца іншыя варыянты, каб даказаць Расеі, што яна таксама вельмі залежыць ад беларускага транзыту”.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначыў, што калі падчас перамоваў сытуацыя зайшла ў тупік, беларуская дэлегацыя сказала, што ня мае паўнамоцтваў. І цяпер афіцыйны Менск вельмі разьлічвае на падтрымку Ўкраіны.

Андрэй Суздальцаў
“Гэта шантаж будзе. Будзе падключана “Усходняе партнэрства”, Эўразьвяз. І зараз у запале могуць адбыцца вельмі сур’ёзныя рэчы. Беларусы проста могуць патрапіць у пастку. Калі беларускі бок пачынае прыцягваць Эўразьвяз, Кіеў, амэрыканцаў, гэта ўжо не саюзныя стасункі. Яны могуць нарвацца на развал саюзных пагадненьняў. І пра 6 мільёнаў тон нафты на халяву, наогул, ня можа быць гаворкі. Але яны гэтага не разумеюць. Паспрабуюць ціснуць у прапагандысцкім пляне. Эканамічнае пытаньне набывае палітычную значнасьць і паціху гэта ўсё выліваецца ў стандартную расейска-беларускую нафтавую вайну”.

Паводле кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, уся гаворка пра Мытны саюз, саюзную дзяржаву апынулася пустой.

Яраслаў Раманчук
“Гэта сьведчыць пра тое, што гандлёвая вайна, якая была, працягваецца. І калі сытуацыя ня вырашыцца, гэта будзе каштаваць Беларусі каля 3 мільярдаў даляраў. Такім чынам, энэргетычны грант Расеі абмяжуецца газам і, безумоўна, гэта прывядзе да таго, што давядзецца скарэктаваць бюджэт, валютную палітыку і прывядзе да таго, што падзеньне ВУП і рэцэсія ў Беларусі толькі паглыбяцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG