Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына разьлічвае максымум на 10 кандыдатаў у прэзыдэнты

  • БелаПАН

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына не разьлічвае на вялікую колькасьць кандыдатаў на будучых мясцовых і прэзыдэнцкіх выбарах. Такі прагноз яна зрабіла ў інтэрвію БелаПАН.

Ярмошына лічыць, што на мясцовых выбарах, якія пройдуць у другой палове красавіка 2010 году, у Менску у кожнай акрузе ў сярэднім будзе зарэгістравана пяць кандыдатаў, у сельскіх саветах — паўтара.

Паводле яе слоў, менавіта зыходзячы з такой колькасьці кандыдатаў фарміраваўся бюджэт мясцовых выбараў — 19,5 млрд. рублёў.
На правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў, старт якім будзе дадзены ў чацьвёртым квартале 2010 году, прадугледжаны ў два разы большы бюджэт — амаль 37 млрд. рублёў.

"Падчас фарміраваньня бюджэту на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў мы зыходзілі з магчымай рэгістрацыі 10 кандыдатаў, — сказала Ярмошына. — Але я не думаю, што такой колькасьці прэтэндэнтаў удасца сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Напрыклад, на выбарах 2001 года працавала больш за 20 ініцыятыўных груп, а кандыдатамі сталі толькі чатыры чалавекі. Падчас выбараў у 1994 годзе з 19 прэтэндэнтаў зарэгістраваны кандыдатамі былі шэсьць. Гэта была самая вялікая колькасьць кандыдатаў за ўсю гісторыю правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Я сумняваюся, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 года кандыдатаў будзе больш".
XS
SM
MD
LG