Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павышэньне пэнсій і дапамогі – працяг штучнай сацыяльнай палітыкі


З 1 студзеня 2010 году падвысіліся пэнсіі на 9%, павялічваецца памер дапамогі для догляду дзіцяці да трох гадоў з 80 да 100% бюджэту пражытковага мінімуму. Таксама павысіліся заробкі бюджэтнікам: з 77 до 81 тысячы вырасла стаўка першага разраду, ад якой залежаць зарплаты настаўнікаў, выхавальнікаў, лекараў. А яшчэ новыя мытныя тарыфы ўводзяцца ў Беларусі з 1-га студзеня.

У студзені сярэдні памер пэнсіі складзе 468 тысяч рублёў (на 38 з паловай тысяч больш). Прыбаўкі хопіць на 2 кіляграмы добрага мяса, альбо на 12 кіляграмаў макароны. Пасьля павышэньня памер дапамогі для догляду дзіцяці складзе 250 тысяч рублёў – на 50 тысяч больш, чым было. Гэта прыкладна на 40 пампэрсаў, альбо на 30 маленькіх слоікаў яблычнага пюрэ.

Эканаміст Аляксандар Кавалёў выказаў такое меркаваньне:
калі ня хопіць сродкаў, і давядзецца зноў улазіць у даўгі – гэта ня выйсьце ...

“Для досыць небагатых сем’яў нават такая невялічкая прыбаўка – гэта заўсёды добра, і яны яе адчуюць. Але ўсё гэта – працяг нейкай штучнай сацыяльнай палітыкі, якая цягам апошняга дзесяцігодзьдзя праводзіцца ў краіне. Я вельмі спадзяюся, што на ўсе гэтыя падвышэньні ў бюджэце хопіць сродкаў. А калі іх ня хопіць, і давядзецца зноў улазіць у даўгі – гэта ня выйсьце, проста перакладваем на плечы нашых дзяцей усе нашы выдаткі, а ім давядзецца аддаваць”.

Эканаміст Сяргей Балыкін, што да істотных эканамічных зьменаў у новым годзе, асаблівага аптымізму ня мае:
эканамічная сытуацыя будзе горшая ...

“Я ня думаю, што будуць істотныя зьмены ў наступным годзе ў новым годзе. Хутчэй за ўсё, будуць нейкія невялічкія крокі ў бок лібэралізацыі. Ці будзе лепшай эканамічная сытуацыя? Мне падаецца, ўвогуле эканамічная сытуацыя будзе горшая, але гэта будзе стымуляваць улады хоць патрошку нейкія зьмены рабіць, але ж такія невялічкія зьмены наўрад ці вырашыць праблемы”.

Новыя мытныя тарыфы ўводзяцца з 1 студзеня. Найбольш павысіцца мыта на аўтамабілі, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі. Таксама павялічыцца мыта на малако і малочныя вырабы, рыс і крупы, мясныя гатовыя вырабы, вырабы з паперы, трубы, сельгастэхніку, спэцаўтамабілі. На садавіну, гародніну, абутак, адзеньне мыта абяцаюць зьменшыць. Эканаміст Аляксандар Кавалёў не спадзяецца на нейкую выгаду для Беларусі ад Мытнага зьвязу:
Хуткай рэакцыі і хуткай акупляльнасьці гэтага праекту для Беларусі ня будзе ...

“Хуткай рэакцыі і хуткай акупнасьці гэтага праекту для Беларусі ня будзе. Мы спадзяемся, што нам адкрыюцца расейскія і казахстанскія рынкі. Але таксама і беларускі рынак адкрыецца для расейскіх тавараў. Гэтыя якасныя імпартэры могуць проста выціснуць беларускіх імпартэраў. Калі гэтыя грошы будуць зарабляцца ў Маскве, то і падаткі будуць плаціцца ў Маскве, і падатак на прыбытак будзе заставацца ў Маскве. Я ня думаю, што мы хутка адчуем нейкую выгаду ад гэтага Мытнага саюзу”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG