Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўрадоўцы паскардзіліся на ціск з боку Расеі на перамовах пра пастаўкі нафты


Чальцы беларускай урадавай дэлегацыі, што вялі ў Маскве перамовы пра пастаўкі нафты, заявілі пра беспрэцэндэнтны ціск з боку Расеі. Як паведамлялася раней, перамовы завяршыліся безвынікова, і беларуская дэлегацыя 31 сьнежня адправілася дахаты.


Як паведамілі агенцтву БелаПАН у прэс-службе Савета міністраў, урад Беларусі пацьвярджае гатовасьць да працягу перамоваў з урадам РФ па ўмовах паставак нафты з Расеі ў Беларусь у поўнай адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі кіраўнікамі дзяржаваў на паседжаньні Вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі 10 сьнежня 2009 гады ў Маскве.

Беларускі бок "гатовы прыняць усе неабходныя захады для ўзгадненьня і падпісаньня ў самыя найкароткія тэрміны" неабходных дадаткаў да дзейснай міжурадавай дамовы пра меры па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 году. Усе адпаведныя дакумэнты, "загадзя падрыхтаваныя на ўзроўні экспэртаў дзьвюх краінаў", перададзеныя расейскаму боку.

Беларускі бок "зыходзіць з таго, што да моманту падпісаньня адпаведных дакумэнтаў бязмытныя пастаўкі нафты з Расейскай Фэдэрацыі ў аб'ёмах унутранага спажываньня Рэспублікі Беларусь у студзені—лютым 2010 году павінны ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі раней прэзыдэнтамі". "Усе неабходныя для гэтага прававыя падставы ёсьць, аб'ёмы паставак нафты закантрактаваныя суб'ектамі гаспадараньня дзьвюх краінаў, беларускім бокам выраблена іх папярэдняя аплата", — заяўляе прэс-служба ўраду.

У паведамленьні адзначаецца, што падчас маскоўскіх перамоваў 30—31 сьнежня па ўмовах паставак нафты "на чальцоў беларускай дэлегацыі, склад і паўнамоцтвы якой былі зацьверджаны адпаведнай пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, учыняўся беспрэцэндэнтны ціск, што, па меркаваньні беларускага боку, зьяўляецца абсалютна неабгрунтаваным і недапушчальным". "Фактычна беларускаму боку было прапанавана парушыць базавую дамову пра стварэньне адзінай мытнай тэрыторыі і фармаваньню Мытнага саюза, які быў падпісаны кіраўнікамі трох дзяржаў — Беларусі, Расеі і Казахстана. Сыход ад гэтых дамоўленасьцяў і вывад цэлага энэргетычнага сэктару Беларусі за межы падпісаных дамоваў па стварэньні Мытнага саюза шмат у чым падарвалі б усе дасягнутыя дамоўленасьці па далейшай інтэграцыі нашых дзяржаў", — падкрэсьлівае прэс-служба Саўміна.

Беларускі бок "гатовы ў любы час" аднавіць перамовы па ўмовах паставак нафты "для дасягненьня ўзаемапрымальных вынікаў".

Раней крыніца ў расейскай дэлегацыі заявіла, што такая сытуацыя на перамовах была выкліканая з-за "адсутнасьці неабходных дырэктыў і паўнамоцтваў у прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь".

Па словах згаданай крыніцы, Менск дамагаецца бязмытных паставак усяго аб'ёму сыравіны. "Са шкадаваньнем даводзіцца адзначыць, што беларускі бок фактычна па-ранейшаму працягвае прытрымлівацца нічым не абгрунтаванай запытальнай пазыцыі, паводле якой Расея, па-сутнасьці, павінна працягваць субсыдаваньне беларускай эканомікі, працягваючы, тым больш ва ўмовах адсутнасьці адпаведнай міжурадавай дамовы, бязмытныя пастаўкі нафты ня толькі для ўнутранага спажываньня, але й на ўвесь аб'ём пастаўлянай расейскай сыравіны", — заявіла крыніца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG