Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стаўка падатку на дададзены кошт у Беларусі павялічана з 18% да 20%


З 1 студзеня 2010 году ў Беларусі павялічваецца стаўка падатку на дададзены кошт з 18% да 20%. Гэта прадугледжана Асаблівай часткай Падатковага кодэксу, якая таксама набыла моц з пачатку году.


Паводле агенцтва БелаПАН у кіраўніцтве Міністэрства фінансаў лічаць, што павышэньне стаўкі ПДК з 18% да 20% ня выкліча росту цэн. Да такога меркаваньня прыйшлі не толькі ў Мінфіне, але і ў Мінэканомікі.

У Мінфіне адзначаюць, што нароўні з павелічэньнем стаўкі ПДК з 2010 году адмяняюцца чатыры падатковыя плацяжы: збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, харчаваньня і аграрнай навукі, а таксама падатак на набыцьцё аўтатранспартных сродкаў, мясцовы падатак з продажу тавараў розьнічнага гандлю, мясцовы збор з карыстальнікаў за паркоўку. У выніку, паводле ацэнак Мінфіна, падатковая нагрузка зьмяншаецца на 0,45% да ВУП, а ў распараджэньні прадпрыемстваў застанецца дадаткова 780 млрд. рублёў.

Апрача гэтага прадугледжаны пэўныя зьмяненьні ў частцы выплаты ПДК. Напрыклад, прадпрыемствы з гадавым аб'ёмам выручкі не больш за 3,8 млрд. рублёў змогуць выбраць тэрміны выплаты ПДК: штоквартальна ці штомесяц, як цяпер.

Паводле ацэнак Мінфіна, скарыстацца правам на штоквартальную выплату ПДК змогуць больш за 60% агульнай колькасьці плацельшчыкаў гэтага падатку.

Акрамя таго, прадугледжваецца скараціць з аднаго месяцу да пяці дзён тэрмін вяртаньня ПДК. Гэта дазволіць прадпрыемствам больш апэратыўна задавальняць сваю патрэбнасьць у фінансавых сродках. Спросціцца і парадак ажыцьцяўленьня падатковых вылічэньняў па ПДК.
XS
SM
MD
LG