Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігналінская АЭС у Літве спыніла працу 31 сьнежня 2009 году ў 23:00 па мясцовым часе. Адзіны рэактар станцыі быў выведзены з эксплуатацыі паводле пляну.


Як паведаміла агенцтва "Інтэрфакс", вывядзеньне станцыі з эксплуатацыі зьвязанае з патрабаваньнямі Эўразьвязу. Адмыслоўцы з Эўразьвязу лічылі станцыю састарэлай і адзначалі, што на ёй усталяваны рэактар "чарнобыльскага тыпу". У Літве спрабавалі правесьці рэфэрэндум пра адтэрміноўку спыненьня працы Ігналінскай АЭС, але ён не адбыўся з-за дужа нізкай яўкі.

Каля 35 адсоткаў неабходнай краіне электраэнэргіі зараз будзе закупляцца на аўкцыёнах, дзе будуць прадстаўленыя прапановы фінскіх, эстонскіх, расейскіх, латвійскіх, беларускіх ды ўкраінскіх кампаній. У сакавіку 2009 году Літва падпісала дзесяцігадовы кантракт на пастаўкі электраэнэргіі з Расеі. Акрамя таго, выведзеную з эксплуатацыі АЭС часткова заменяць іншыя літоўскія прадпрыемствы, у прыватнасьці, цеплаэлектрастанцыя ў Электрэнай.

Раней зьяўляліся паведамленьні пра тое, што Літва плянуе будаўніцтва новай АЭС, якая будзе ўведзена ў дзеяньне не раней за 2016 год. Па іншых дадзеных, сучасная станцыя будзе пабудавана да 2018 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG