Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тыгар з магілёўскага заасаду ня будзе галадаць у год тыгра


Усурыйскаму тыгру Арцёму адзінаццаць гадоў

Усурыйскаму тыгру Арцёму адзінаццаць гадоў

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Прыёркбанк» ахвяравала дваццаць мільёнаў рублёў на ўтрыманьне ўсурыйскага тыгра Арцёма з Магілёўскага заасаду. Гэтая сума пакрывае тры чвэрці гадавых выдаткаў на драпежніка.

Банкіры лічаць, што выдзеленыя імі сродкі дапамогуць тыгру не галадаць у год Тыгра.

У «Прыёркбанку» сваю дапамогу патлумачылі тым, што ў заасада нестае сродкаў на ўтрыманьне жывёлаў.

«Адзін раз мы наведвалі заасад і супрацоўнікі скардзіліся, што не хапае ежы, маўляў, бедны тыгар і так далей. З улікам таго, што наступны год будзе годам Тыгра, мы вырашылі дапамагчы ня ўсім жывёлам, а менавіта тыгру», — зазначыў памочнік старшыні праўленьня банку Ўладзімер Шкіндзераў.

Паводле суразмоўцы, ініцыятыва дапамагчы тыгру належыць старшыні праўленьня банку Сяргею Касьцюченку. Засьпець яго сёньня на працоўным месцы, каб пагутарыць пра гэтую ініцыятыву не ўдалося.

Дырэктар заасаду Георгій Маліноўскі ўдзячны банку і яго кіраўніцтву за дапамогу тыгру.

«Яго утрыманьне абыходзіцца ў трыццаць мільёнаў, і дваццаць мільёнаў — гэта істотная дапамога. У нас ёсьць чым карміць, каму даглядаць ды мы й самі зарабляем. Тут гутарка пра іншае — пра маральныя адносіны да дзікага жывёльнага сьвету. Такая практыка мае месца ўва ўсім сьвеце. Ніводны заасад сьвету не зьяўляецца рэнтабэльным. Ён заўжды атрымлівае нейкія асыгнаваньні ў розных формах».



Усурыйскаму тыгру Арцёму адзінаццаць гадоў. У магілёўскі заасад яго прывезьлі з маскоўскага цырку ў 2006 годзе. Супрацоўнікі заасаду кажуць, што з Расеі тыгра прывезьлі ледзь жывога, дужа згаладнелага. Некалькі месяцаў яго ўзмоцнена адкормлівалі. Цяпер Арцём выглядае няблага. Штодзень ён зьядае да дзесяці кіляграмаў ялавічыны. Любіць пакрасавацца перад камэрамі.

У заасадзе акрамя тыгра ўтрымліваецца яшчэ каля двухсот жывёлаў. Сярод іх статак зуброў, два ваўкі, мядзьведзі. Заасад будавалі талакой амаль усе прадпрыемствы рэгіёну. Адкрылі яго ў 2005 годзе паблізу пасёлка Буйнічы. Плошча заасаду 80 гектараў.

XS
SM
MD
LG