Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра выбары ў мясцовыя Саветы 2010 году і прэзыдэнцкія выбары 2011, учора казаў журналістам, што зь яго боку ціску на ўдзельнікаў выбарчых кампаніяў ня будзе. Як ставяцца да гэтых словаў у апазыцыйных палітычных партыях і Цэнтральнай выбарчай камісіі?

Сакратар ЦК партыі камуністаў Беларускай Валеры Ўхналёў заўважае: кіраўнік дзяржавы ўжо ня першы раз абяцае зрабіць выбары празрыстымі:

Валеры Ўхналёў
«А мы ведаем як праходзілі папярэднія выбары. Гэта былі ня выбары, а афармленьне прызначэньня тых дэпутатаў, якіх вызначыла ўлада. Таму я асабіста ня веру ў тое, што як выбары дэпутатаў мясцовых саветаў, так і прэзыдэнцкія выбары будуць чэснымі і свабоднымі.

Гэта пацьвярджаецца і тым, што зьмены ў выбарчае заканадаўства, якія ўнесла Палата прадстаўнікоў па ўказцы кіраўніка дзяржавы, не даюць магчымасьці гаварыць пра тое, што выбары могуць быць дэмакратычнымі, свабоднымі і чэснымі».

Заяву Аляксандра Лукашэнкі лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч ацэньвае так:

Анатоль Ляўковіч
«Яшчэ з часоў рымскага права існуе прынцып прэзумпцыі невінаватасьці — калі чалавек кажа, хацелася б верыць. Але ж тут існуюць аб’ектыўныя рэчы і крытэры. Нават калі раптам увадначасьсе кіраўніцтва краіны вырашыць сапраўды правесьці справядлівыя выбары, дык ці атрымаецца гэта адразу? То бок я бачу вялікую розьніцу паміж тым, што ставіцца на мэце, і паміж тым, як яно выконваецца — паміж самім законам і ўжывальнай практыкай».

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік гаворыць, што ЦВК будзе праводзіць сэмінары і трэнінгі для чальцоў выбарчых камісіяў усіх роўняў:

Мікалай Лазавік
«Зьмяненьні, якія ўнесеныя ў выбарчае заканадаўства, патрабуюць і канкрэтных зьменаў у працы выбарчых камісіяў. Для ЦВК гэтыя зьмены вядомыя. А ніжэйшых камісіяў пакуль, як кажуць, і ў прыродзе няма. Бо яны фармуюцца пасьля таго, як аб’яўляюцца выбары. І для выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў іх утвораць толькі ў другой палове студзеня.

Але працаваць ім прыйдзецца адпаведна з новым заканадаўствам. І для нас тут ёсьць вялікая задача — навучыць іх працаваць у новых умовах».

ПКБ ужо рыхтуецца да выбараў кажа Валеры Ўхналёў:

«Мы ўжо вызначыліся, каго будзем прапаноўваць у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. І мы прыкідваем, што ад нашай партыі і яе прыхільнікаў будзем вылучаць каля 300 чалавек».

А Анатоль Ляўковіч канстатуе, што БСДП (Грамада) традыцыйна ўдзельнічае ў выбарах:

«На сёньняшні дзень я яшчэ не змагу назваць дакладную лічбу, колькі ў нас будзе кандыдатаў у дэпутаты. Але цяпер мы ня толькі рыхтуем патэнцыйных кандыдатаў, але і шукаем людзей у камісіі, у назіральнікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG