Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З новага году ўводзіцца адзіны парадак плянаваньня і правядзеньня праверак


У Беларусі з 1 студзеня 2010 году мяняецца парадак прызначэньня і правядзеньня праверак суб'ектаў гаспадараньня. Гэта прадугледжана ўказам №510 ад 16 кастрычніка 2009 году "Пра ўдасканаленьне кантрольнай (нагляднай) дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь".


Як паведамілі агенцтву БЕЛТА ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі, цалкам зьменены падыход да плянаваньня кантрольнай і нагляднай дзейнасьці. Так, плянавыя праверкі суб'ектаў гаспадараньня будуць прызначацца толькі з улікам аднясеньня іх да груп рызыкі. Пры гэтым праверкі будуць праводзіцца не часьцей, як раз у год для суб'ектаў, аднесеных да высокай групы рызыкі, раз у тры гады – да сярэдняй групы рызыкі і раз у пяць гадоў – да нізкай групы рызыкі. Акрамя таго, нароўні з іншымі абмежаваньнямі на правядзеньне праверак уводзіцца двухгадовы мараторый для праверак ізноў створаных суб'ектаў гаспадараньня.

Праверкі будуць праводзіцца ў адпаведнасьці з паўгадавымі каардынацыйнымі плянамі, якія будуць разьмяшчацца на сайце Камітэта дзяржаўнага кантролю да 15 сьнежня і да 15 чэрвеня. У каардынацыйныя пляны ўключаны ўсе вызначаныя на першае паўгодзьдзе 2010 году праверкі. Занясеньне новых суб'ектаў у гэтыя пляны заканадаўствам не прадугледжваецца.

У КДК падкрэслілі, што плянавыя праверкі аднаго правяранага суб'екта на працягу каляндарнага году могуць быць ажыцьцёўлены некалькімі кантралявальнымі і нагляднымі органамі толькі ў форме сумеснай праверкі. Правядзеньне некалькіх плянавых праверак аднаго і таго ж суб'екта на працягу каляндарнага году не дазваляецца.

Не дазваляецца праверка кантралявальнымі і нагляднымі органамі суб'екта па адным і тым жа пытаньні за адзін і той жа пэрыяд. Праверка суб'екта праводзіцца за пэрыяд, які не перавышае трох каляндарных гадоў, папярэдніх году, у якім прынятае рашэньне пра прызначэньне праверкі, а таксама за мінулы пэрыяд бягучага году. Правяраны суб'ект прызнаецца добрасумленным выканаўцам патрабаваньняў заканадаўства, пакуль не даказана іншае. У выпадку невыразнасьці ці невыразнасьці прадпісаньняў акту заканадаўства рашэньні павінны прымацца на карысьць правяранага суб'екта.

З другога боку, указам №510 узмоцненыя меры адказнасьці за зьдзяйсьненьне суб'ектамі грубых парушэньняў заканадаўства аж да ліквідацыі арганізацый (спыненьня дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў).
XS
SM
MD
LG