Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, вуліца Энгельса, 12
У гэтым доме з 1994 да 1999 году знаходзілася першая менская студыя Беларускай службы Радыё Свабоды, якое распаўсюджвала ў Беларусі нецэнзураваную, аб’ектыўную інфармацыю. Радыё Свабода зрабіла вялікі ўнёсак у здабыцьцё беларусамі незалежнасьці і пашырэньне дэмакратыі.

Ня выключана, што гэта звычайная двухпакаёвая кватэра ў цэнтры Менску можа быць уключана ў сьпіс самых важных адрасоў, дзе адбываліся падзеі, якія істотна паўплывалі на захаваньне міру і ядзернае раззбраеньне ў сьвеце.

Восеньню 1995 году другая па значнасьці дзяржаўная асоба ў Рэспубліцы Беларусь — старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, генэрал Мячаслаў Грыб — прыйшоў у менскую студыю Радыё Свабода. Прычынай стала свабода слова па-лукашэнкаўску. Прэзыдэнт павёў атаку на выбары ў Вярхоўны Савет. І на ягонае «ўсё роўна падмануць, не хадзіце» публічна адказаць дэпутаты ня мелі магчымасьці.

Мячаславу Грыбу забаранілі выступіць па тэлебачаньні і радыё, нават адключылі расейскі канал, на якім ён запісаў свой выступ. Адмовіліся публікаваць яго і дзяржаўныя газэты. Каб сказаць важныя словы свайму народу, кіраўнік заканадаўчай улады быў вымушаны зьвярнуцца на амэрыканскую, ці, як яе называлі саветы, «варожую станцыю». Сьпікер не зьбіраўся агітаваць за нейкую партыю, ці кандыдатаў, ён хацеў заклікаць людзей прыйсьці на выбары — выканаць свой канстытуцыйны абавязак. Цана была надзвычай высокая — абраньне новага парлямэнту, які мусіў стаць супрацьвагай аўтарытарнаму прэзыдэнту. Расказвае дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

«Аднойчы адчыняюцца дзьверы, і ў нашу невялікую кватэру ўваходзіць ахова. Яна хутка правярае усе закуткі, і тут жа зьяўляецца Мячаслаў Грыб, які адразу запоўніў усю невялічкую студыю, змантаваную на двух пісьмовых сталах. Мы запісалі сьпікера, і некалькі дзён раніцай, днём і ўначы круцілі ягоны зварот да выбарнікаў. Людзей на ўчасткі прыйшло акурат столькі, колькі трэба было, каб прызнаць выбары. Вярхоўны Савет 13 скліканьня праіснаваў менш, чым год, але якраз у гэты час, насуперак лютаму супраціву прэзыдэнта, зь Беларусі была канчаткова выведзеная ядзерная зброя. Хто ведае, магчыма без таго адчайнага звароту да выбарнікаў, гісторыя пайшла б іншым шляхам — ядзерная зброя ў руках некантраляванай улады ў цэнтры Эўропы магла б істотна зьмяніць хаду гісторыі».

Радыё Свабода вяшчае па-беларуску з траўня 1954 году. Да канца 1980-х гадоў яно было адзіным бесцэнзурным сродкам масавай інфармацыі, які перадаваў адмыслова для беларусаў навіны, палітычную і эканамічную аналітыку, расказваў праўду пра іхнюю гісторыю і культуру, пра каштоўнасьць свабоды і дэмакратыі. Разам зь іншымі рэдакцыямі Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода беларуская служба адыграла важную ролю ў краху камунізму, развалу савецкай імпэрыі, вызваленьні народаў ад каляніяльнай залежнасьці і пабудове дэмакратычнага грамадзтва.

І ў сучаснай, яшчэ далёкай ад дэмакратычных стандартаў, аўтарытарнай Беларусі, каб пачуць вольнае і праўдзівае слова, сотні тысяч людзей настройваюць свае прыймачы на хвалі Свабоды ці заходзяць ў інтэрнэце на сайт svaboda.org.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG