Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананасы патаньнеюць, замежныя аўтамабілі і малако падаражэюць


З 1-га студзеня замест беларускага мыта на мяжы з большасьці тавараў будуць браць мыта, агульнае для Беларусі, Расеі і Казахстану. Пра новыя мытныя тарыфы распавялі кіраўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту на прэсавай канфэрэнцыі.

Новыя мытныя тарыфы ўводзяцца ў Беларусі з 1-га студзеня. Дзеля гэтага непатрэбны адмысловы заканадаўчы акт, бо тарыфы ўжо ўзгоднены ў межах мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану і адпаведныя пагадненьні падпісаныя. Пра гэта паведаміў Сяргей Полудзень, начальнік управы тарыфнага рэгуляваньня і мыта Дзяржаўнага мытнага камітэту. Як новае мыта адаб’ецца на коштах тавараў у беларускіх крамах? Сяргей Полудзень пералічыў тавары, на якія мыта будзе павышана:

“Акрамя транспартных сродкаў у групу, дзе павышаецца мыта, увайшлі таксама малако і малочныя вырабы, рыс і крупы, мясныя гатовыя вырабы, соевыя харчы, пакрыцьцё з плястмасы, вырабы з паперы, трубы з чорных мэталаў, камбайны зерняўборачныя, станкі мэталаапрацоўчыя, спэцыяльныя аўтамабілі. Гэта збольшага асноўныя тавары з групы, дзе мыта павышаецца”.

Паводле мытніка, для 75% тавараў, якія ўвозяцца ў Беларусь, новае мыта фактычна аднолькавае зь цяперашнім, таму кошты на гэтыя тавары не павінны павялічвацца. А для 18% тавараў новае мыта будзе меншае. У гэтую групу ўваходзіць садавіна, гародніна, абутак, адзеньне. Супрацоўнікі мытні чакаюць, што на гэтыя тавары кошты зьнізяцца.

Найбольш павысіцца мыта на аўтамабілі. Ад 1-га студзеня гэта тычыцца аўтамабіляў, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі. Наколькі павысіцца, залежыць ад шматлікіх фактараў, але пэўна ў некалькі разоў — павелічэньне мыта можа быць нават дзесяцікротным.
на аўтамабілі, старэйшыя за 5 гадоў, мыта будзе вышэйшае, чым на аўтамабілі меншага тэрміну эксплюатацыі. ...

Сяргей Полудзень адзначыў, што на аўтамабілі, старэйшыя за 5 гадоў, мыта будзе вышэйшае, чым на аўтамабілі меншага тэрміну эксплюатацыі. Гэта зроблена адмыслова, каб стымуляваць увоз “маладзейшых” аўтамабіляў.

Што тычыцца аўтамабіляў і іншых тавараў, якія будуць увозіцца фізычнымі асобамі, то адносна іх да 1 ліпеня павінны быць прынятыя асобныя пастановы. Чакаецца, што цягам чатырох месяцаў гэтыя пастановы будуць распрацаваны, потым за два месяцы іх маюць узгадніць, і праз паўгода гэтыя новыя правілы павінны ўжо ўводзіцца.

Як сказаў Мікалай Бурш, начальнік упраўленьня арганізацыі і мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэту, да таго часу яны чакаюць досыць вялікіх чэргаў на размытненьне аўтамабіляў. Каб пазьбегнуць вялікіх чэргаў, мяркуецца павялічыць колькасьць супрацоўнікаў адпаведных структураў Мытнага камітэту.

Мікалай Бурш адзначыў, што на межах ужо цяпер назіраецца моцнае павелічэньне плыні тавараў, у тым ліку аўтамабіляў, якія ўвозяцца юрыдычнымі асобамі. Таму мытні на межах працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, каб усе змаглі праехаць да Новага году.
XS
SM
MD
LG