Лінкі ўнівэрсальнага доступу


25-га сьнежня ў Магілёве адбылося тэатралізаванае шэсьце пад назвай “Марозны сход пад Новы год”, пра якое шырокая грамадзкасьць магла б і не даведацца, ня выкладзі нехта vasilkov фотасправаздачу з гэтага мерапрыемства ў сваім блогу.

Пасьля справаздача разьляцелася па іншых блогах ды суполках і нарэшце была перадрукаваная “Беларускім партызанам”. Калі запускальнік інфармацыйнай хвалі назваў парад усяго толькі “нудным”, “Беларускі партызан” ужо фантанаваў нэгатыўнымі эпітэтамі: “шакавальны”, “пачварны”, “нейкая пародыя”, “чынавенскі маскарад”, “хваравітая паказуха”. Далібог, адразу ж захацелася знайсьці ў ім якія-небудзь станоўчыя бакі. Тым больш, як казаў клясык афарыстычнага жанру, “я патчорківаю, што не можэт быць в каком-та чалавеке ілі працэсе всё чорнае ілі всё белае”.

Мяркуйце самі:



Здалёк не разьбярэш, хто там ідзе, у агромністай такой грамадзе. Туман, лужыны, шэрасьць ствараюць змрачнаватую і трывожную атмасфэру. Заўважная прысутнасьць міліцыянтаў, якія занадта кідаюцца ў вочы, наводзіць на думку, што тут адбываецца нешта нядобрае.



Аркестранты ў аднолькавых куртках мышынага колеру выглядаюць так, нібыта іх тэрмінова зьнялі з пахаваньня і перанакіравалі сюды, пасьпеўшы адно начапіць па-хуткаму на галовы шапачкі Санта Клаўсаў.



У ведамасьці стаяла: рухомы тыгр велічынёй каля двух з паловай мэтраў. Нанялі мастака, які малюе афішы для мясцовага кінатэатру, ён старанна перамаляваў тыгра з навагодняй паштоўкі. Атрымалася падобна – з палоскамі. Але дастатковай колькасьці работнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі не ўдалося ўгаварыць сыграць хадзячага драпежніка. Для адпаведнай велічыні трэба было, каб адны несьлі на сьпінах другіх. “Мы вам што, акрабаты, [выразана цэнзурай]?!” – у катэгарычнай форме адмовіліся работнікі. Тады хтосьці згадаў пра сьнегаўборачную машыну, якая раней на сьвяты вазіла партрэты заснавальнікаў марксізму-ленінізму. Новы час – новыя героі. Цяпер павязе тыгра. Замаскаваць машыну даручылі Пятровічу. А Пятровіч ужо загадзя пачаў загартоўвацца да зімовых сьвятаў. Таму, знаходзячыся ў стане загартоўкі, паклаў тыгрыную сьпіну куды было зручней.



Хлопчыкі спэцыяльна прасілі бацькоў набыць ім вязаныя чорныя шапкі, каб зьліцца з калектывам. (У мяне старэйшы сын, як толькі дасягнуў падлеткавага ўзросту, адразу яе папрасіў. На мае закіды, што яна “гопніцкая”, маўляў, упарта адказваў: “У нас усе такія носіць”.) І ўсё дарэмна – зганьбілі, выставілі перад пацанамі нейкімі... елкамі. Добра хоць шапкі дазволілі пакінуць.



Рыцары-тампліеры пад правадырствам дзядзькі Чарнамора. Хаця, магчыма, гэта не Чарнамор, а Нэптун. Ну, застаўся рыштунак з “Дня Нэптуна” – не выкідаць жа яго.



Вершнік у гламурнай ружовай куртцы з паліэстру пад атляс. Традыцыі і сучаснасьць.



Жанчыны ў нацыянальных строях – турэцкіх кажухах з рынку.



Герой расейскіх народных казак Ямеля на грудзе цэглы, у кампаніі дачкі Нэптуна і цяжарнай прынцэсы. У якіх стасунках знаходзяцца гэтыя трое міжсобку, сказаць цяжка.



На магілёўскім таксі – у Эўропу!

Хіба не пазытыўна? Як на мой густ, дык вельмі пазытыўна – вялікі дзякуй арганізатарам за добрую гадзіну здаровага сьмеху! Відаць, што ўсё рабілася з выдумкай, з агеньчыкам. Без аглядкі на зацяганыя шаблёны. У адпаведнасьці з канонамі постмадэрнізму, арганізатары адвольна спалучалі неспалучальнае. І галоўнае – не надавалі свайму маштабнаму твору ніякай ідэалягічнай нагрузкі. Атрымалася чысьцюткая гульня разнастайных знакаў, зьмешваньне высокага і нізкага, сур'ёзнага і бздурнага, афіцыёзу і саматужнай творчасьці.

Параўнайце з скрупулёзна выверанымі масавымі шэсьцямі ў якой-небудзь Паўночнай Карэі, дзе ўсё да найменшай дэталі падпарадкавана адзінай ідэі, аб'яднана адным “Вялікім Стылем”, працуе на агітацыю і прапаганду.

Магілёўскі трэш-парад ні за што не агітуе і нічога не прапагандуе. Гэта звычайны карнавал. Як любы карнавал, з вар'яцінкай і дурнінкай. І наўрад ці ён атрымаўся б іншым, нават калі б рабіўся не па “разнарадцы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG