Лінкі ўнівэрсальнага доступу

vadim-i-z

Вось і скончыўся апошні год першага дзесяцігодзьдзя XXI стагодзьдзя. Якім ён быў? Толькі… ведаеце што? — давайце ня будзем успамінаць дрэннае, толькі пра добрае пагаворым.

Прайшлі выбары. І ў першы раз за шмат гадоў іх арганізацыя ня выклікала прэтэнзій ні ў кога. Улада/апазыцыя, назіральнікі ад АБСЭ/назіральнікі ад СНД — усе больш-менш задаволеныя. І хай не ўва ўсіх акругах перамаглі тыя кандыдаты, якіх падтрымаў бы я — затое перамога іх сумневаў не выклікае.

Цэнтар Менску нарэшце пачалі забудоўваць так, каб і старога не папсаваць, і за новае сорамна не было. На праспэкце здолелі так паставіць будынак побач з цыркам, што не пацярпела гістарычная электрастанцыя. У Ляхаўскім сквэры (о, дарэчы, і старых тапонімаў дадалося на карце гораду!) перанесеная туды цоеўская сьцяна суседнічае з помнікам Міхоэлсу, чыё імя назаўжды засталося злучаным з гэтым скрыжаваньнем. Пачалі будаваць хмарачосы — але так, што яны не забіваюць гістарычны сылюэт.

А беларускія блогеры ўспомнілі, што жывуць у эўрапейскай краіне. І пачалі пісаць ня толькі пра “тутэйшае” і ня толькі адзін пра аднаго — пра ўсё на сьвеце, што цікава сучаснаму чалавеку. А яшчэ перасталі крыўдаваць на тых, хто заве Менск “чыстым горадам”, зразумеўшы нарэшце, што чысьціня на вуліцах — гэта неабходная ўмова ўсё той жа эўрапейскасьці.

Што? Размроіўся ня ў меру? Ну так, вядома. Але калі ж і марыць, калі не пад Новы Год.

Са сьвятам — і хай усё добрае канечне спраўдзіцца!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG