Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Мілавіды Баранавіцкага раёну


Сьвяткаваньне гадавіны Бітвы пад Мілавідамі.

Сьвяткаваньне гадавіны Бітвы пад Мілавідамі.

Шыльда свабоды
Вёска Мілавіды Баранавіцкага раёну.
Тут, на месцы бітвы паміж расейскімі карнікамі і паўстанцамі Кастуся Каліноўскага 22 траўня 1863 году, з 1993 году мясцовыя патрыёты ўшаноўваюць памяць беларускіх ваяроў.
Сёньня на Мілавідзкім полі ў памяць пра бітву 22 траўня 1863 году паміж расейскімі карнікамі і ваярамі Кастуся Каліноўскага стаяць тры помнікі. Праваслаўны мураваны крыж памяці маскоўскіх жаўнераў да 50-годзьдзя бітвы паставілі расейцы ў 1913 годзе, калі гэтыя землі належалі Расейскай імпэрыі. Да 70-годзьдзя бітвы ў 1933 годзе, калі заходнія землі Беларусі былі ў складзе Польшчы, польскі ўрад насупраць таго крыжа ўсталяваў каталіцкую капліцу. І нарэшце, у 1993 годзе, да 130-годзьдзя падзеі, ужо ў незалежнай Беларусі сябры баранавіцкага аддзяленьня Таварыства беларускай мовы ўсталявалі камень у гонар беларускіх паўстанцаў-касінераў з шыльдай, напісанай па-беларуску: «За нашу і вашу свабоду».

Найбольшую працу для гэтага зрабіў тагачасны старшыня Баранавіцкай рады ТБМ, краязнавец Міхась Бернат. Адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку 22 траўня 1993 году адбылося ўрачыста, з удзелам вучняў мясцовай школы, грамадзкасьці і кіраўніцтва сельсавету.

З тых часоў кожны год у гэты дзень на Мілавідзкім полі адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі. Ля помніка зьбіраецца мясцовая грамадзкасьць, прыяжджаюць госьці зь Менску — палітыкі, пісьменьнікі, мастакі, гісторыкі. Але пасьля 1994 году — без удзелу ўладаў і мясцовай школы, дзе ёсьць, дарэчы, музэй Каліноўскага. Патрыёты ўскладаюць кветкі, сьпяваюць беларускія змагарныя песьні. Улады не чапаюць, хоць і назіраюць. Тым болей што абавязковы атрыбут сьвята — бел-чырвона-белы сьцяг, — кажа цяперашні старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Віктар Сырыца:

«Там побач шаша, вельмі шмат машын езьдзіць. І машыны спыняюцца, трубяць у трубы — падтрымліваюць нас. Два гады таму праехала машына, а затым спынілася. Зь яе выйшаў прадстаўнічы чалавек у белай кашулі, у гальштуку. Стаяў здалёк, глядзеў. Калі мы скончылі мерапрыемства, я падышоў да яго, прадставіўся і запытаў, а хто ён? Ён адказаў, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Івацэвіцкага раёну Аляксандар Сьвірыд. Так што і ён, хай сабе і ўскосна, але паўдзельнічаў у нашым сьвяце. Напэўна ж, быў зьдзіўлены, што ў вёсцы лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі і людзі нешта гавораць».

Віктар Сырыца лічыць Мілавідзкае поле месцам свабоды ў баранавіцкім рэгіёне, бо:

«Туды прыяжджаюць людзі вольна. Гэта — тэрыторыя, дзе вольна лунаюць нашы бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэта — наша баранавіцкая Ворша».
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG