Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы Аксёнаў, Цімошак і Петрушэнка ўганараваныя “Нашым домам”


29 сьнежня грамадзкая кампанія “Наш дом” вызначыла лепшых праваабаронцаў году, якія актыўна супрацоўнічалі з ініцыятывай, а таксама мэдыі, чый унесак у справу прававой дапамогі насельніцтву быў ацэнены як найбольшы.


Сярод праваабаронцаў былі вызначаныя Андрэй Аксёнаў з Гомеля, Зінаіда Цімошак са Слуцку і праваабаронца з Талачына Мікалай Петрушэнка. Падчас ушанаваньня адзначалася, што ўзнагароджаныя маюць розныя палітычныя перакананьні, але іх аб’ядноўвае рэальная дапамога канкрэтным людзям.

Сярод мэдый уганараваная газэта “Свободные новости +” — за найбольш актыўнае цягам году распаўсюджваньне ідэй “Нашага дому”.

Таксама былі агучаныя вынікі апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў” (НІСПД), зарэгістраванага ў Літве. Паводле дасьледчыкаў, 17% апытаных ведаюць пра дзейнасьць грамадзянскай кампаніі “Наш дом”.

Грамадзкая кампанія “Наш дом” узьнікла ў 2006 годзе. Узначальвае ініцыятыву актывістка дэмакратычнага руху зь Віцебску Вольга Карач. Ініцыятыва займаецца прававой і юрыдычнай дапамогай у рэгіёнах. Сярод атрымальнікаў такой дапамогі ад “Нашага дому” — звычайныя людзі, у тым ліку не зьвязаныя з палітыкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG