Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Характарыстыка апазыцыянэра: спрэс адмоўныя якасьці


Аляксандар Кузьняцоў

Аляксандар Кузьняцоў

Звольнены з працы віцебскі кіраўнік «Моладзі БНФ» Аляксандар Кузьняцоў мусіў зьвярнуцца да былога дырэктара па характарыстыку для працаўладкаваньня на новым месцы.

Паводле актывіста, з такой характарыстыкай яго могуць узяць хіба што ў турму — каб адбываць пакараньне за ўсё тое, у чым яго вінаваціць начальства.

Аляксандра Кузьняцова звольнілі з ААТ «Гемал» неўзабаве пасьля таго, як ён узяў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў райцэнтры Гарадок. 27-га ліпеня гэтага году мясцовыя і віцебскія актывісты адзначылі там Дзень Незалежнасьці — -выйшлі на цэнтральную плошчу з бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Атрымаўшы пасьля звальненьня характарыстыку за подпісам дырэктара ААТ «Гемал» Генадзя Мазілава, віцебскі актывіст даведаўся, што ён «зарэкамэндаваў сябе як некваліфікаваны адмыслоўца ювэлірнай справы», якім былі незадаволеныя кліенты. Таксама толькі цяпер стала вядома, што ў яго выявілі нястачу золата — праўда, не ўказана, у якой колькасьці. У характарыстыцы напісана, што спадар Кузьняцоў «неаднаразова парушаў правілы ўнутранага распарадку», «сыстэматычна спазьняўся на працу, не выконваў працоўныя абавязкі», увесь час канфліктаваў з калегамі і нават абражаў іх.

Асобна пазначана, што актывіст зьяўляецца сябрам БНФ і «неаднаразова сыходзіў з працы, каб узяць удзел у мітынгу».

Аспрэчваць тое, у чым яго вінавацяць, Аляксандар Кузьняцоў не зьбіраецца. Ён лічыць, што дырэктар ААТ «Гемал» знарок імкнецца зрабіць усё, каб новай працы апазыцыянэр не знайшоў. І прычынай таму — ня толькі адрознасьць у палітычных поглядах, але й звычайная помста: праз суд спадару Кузьняцову ўдалося давесьці, што яго звольнілі з парушэньнямі працоўнага заканадаўства. Згодна с судовай пастановай, Генадзь Мазілаў мусіў выплаціць актывісту каля двух з паловай мільёнаў рублёў — канчатковы разьлік па звальненьні, а таксама кампэнсацыю за кожны дзень пратэрміноўкі выплат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG