Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваградку пачаўся суд над сябрам аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Юрасём Казаком. Яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве. Так міліцыянты кваліфікавалі ўчынак хлопца, калі ён 7 лістапада разам зь сябрамі абліў помнік Леніну фарбай. Юры Казак прызнаўся ў акцыі і заявіў у судзе, што ўшанаваньне памяці Леніна на тэрыторыі краіны — гэта злачынства і ігнараваньне ўрокаў гісторыі.


На суд над Юрасём Казаком прыехалі больш за тры дзясяткі чалавек, у тым ліку Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Наста Лойка, Мікола Дземідзенка, Тацяна Шапуцька, Аляксей Шэін, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя.

На судзе выступіла дырэктарка краязнаўчага музэю Наваградку і паведаміла, што ў хуткім часе плошча Леніна стане называцца плошчай Адама Міцкевіча.

Гісторык Юры Бачышча прынёс у суд ліст за подпісам некалькіх беларускіх гісторыкаў, якія выказаліся наконт нэгатыўнай ролі бальшавіцкага правадыра ў беларускай гісторыі, а таксама далі ацэнку гісторыка-культурнай значнасьці ўсталяваных у дзясятках гарадоў і вёсак Беларусі помнікаў Леніну.

У часе перапынку маладыя людзі “абстралялі” сьнежкамі помнік Леніну, які знаходзіцца недалёка ад будынку суду. Міліцыянты назіралі за падзеямі, але ня ўмешваліся.

Юры Казак паведаміў “Свабодзе”:

“У нашай краіне яшчэ адзначаецца сьвята кастрычніцкай рэвалюцыі. Гісторыкі ж лічаць, што гэта быў трагічны пераварот у гісторыі нашай краіны. Гісторык, які быў на судзе, выказаўся, што ў нашай краіне ня могуць помнікі зносіць цывілізаваным, законным чынам, бо ўлада гэта падтрымлівае. Камунізм і фашызм — роўныя.

Стаўленьне нашых уладаў незразумелае. Што яны абараняюць? Закон ці камуністычную ідэю?”

Павал Севярынец назіраў за судовым працэсам:

“Справа выключна палітычная. А цынізмам ёсьць ушанаваньне памяці Леніна ў Беларусі. У звароце гісторыкаў так і сьцьвярджаецца. Тое, што ў Беларусі стаяць помнікі людзям, якія зьневажалі беларускі народ, гэта ганьба. Беларусь — адзіная краіна, якая сьвяткуе на дзяржаўным узроўні так званы дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта таксама нацыянальная ганьба”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч прыгадаў, што Юрась ладзіў акцыю ў рамках кампаніі “Камунізм = фашызм”, якую праводзілі маладафронтаўцы цягам трох месяцаў.

“Многімі навукоўцамі ў сьвеце даказана роля камунізму ў нашай гісторыі. Вымераць яе можна хаця б 20 мільёнамі ахвяраў. Гэта людзі, якіх камунізм зьнішчыў толькі ў сваёй краіне — савецкай імпэрыі. Да параўнаньня, фашысты зьнішчылі ва ўсім сьвеце прыкладна столькі ж людзей. Фашызм, як мы ведаем, на Нюрнбэрскім працэсе асуджаны за сваю ідэалёгію, а камунізм, на вялікі жаль, працягвае крочыць па сьвеце.

Ня думаю, што Юрася пазбавяць волі, бо ў беларускім грамадзтве добра ўсьведамляюць, што Ленін быў заснавальнікам чырвонага тэрору, а значыць — злачынца, забойца”.

Судзьдзя Валер Яцынкавіч дапытаў сьведку — дворніка, які адмываў ад фарбы бюст Леніну, — і абвясьціў перапынак да 30 сьнежня. Працяг суду пачнецца а 14 гадзіне. На думку паплечнікаў Юрася Казака, суд наўмысна прызначылі на перадсьвяточныя дні, спрабуючы такім чынам зьменшыць колькасьць прысутных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG