Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пачатку новага году мае адкрыцца Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар трансплянтацыі органаў і тканак. Мэдычнага абсталяваньня для яго закуплена на 60 мільярдаў рублёў. А зараз у Беларусі ў чатырох клініках краіны ажыцьцяўляюцца складаныя апэрацыі па перасадцы органаў, і 2009 год быў у гэтай справе надзвычай пасьпяховым.


У красавіку 2009 году ў Беларусі зрабілі першую трансплянтацыю сэрца. Ад таго часу выканана ўжо 11 такіх апэрацый. Распавядае прафэсар Юры Астроўскі, галоўны кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя:

“Старт быў вельмі ўдалы і па якасьці лячэньня, і па працягласьці жыцьця пацыентаў, хаця адзін год працы — гэта яшчэ ня так шмат. Але мы ўжо бачым пэўныя праблемы, зьвязаныя зь вядзеньнем гэтых пацыентаў. Не з самой апэрацыяй — гэта ў нас праходзіць абсалютна бездакорна, але праблемы пачынаюцца потым”.

Два дні таму памёр Міша Ларын. Грошы на апэрацыю па перасадцы яму сэрца зьбірала ўся краіна. Прафэсар Юры Астроўскі патлумачыў:

“Міша Ларын памёр ад інфэкцыі, банальнай бактэрыяльнай інфэкцыі — пнэўманіі. На жаль, нам не ўдалося справіцца з гэтым. Таму што на тле той тэрапіі, якую атрымліваюць пацыенты, праблемы ў лячэньні”.

З 1983 году ў краіне выканана больш за 1000 перасадак нырак, з ныркавым трансплянтантам у Беларусі жыве больш за 340 чалавек. Спэцыяліст па нэфралёгіі і ныркава-замяшчальнай тэрапіі Алег Калачык распавёў:

“У 2009 годзе быў дасягнуты важны для нас псыхалягічны бар’ер: выканана 100 трансплянтацый ныркі (у 2005 годзе такіх апэрацый было зроблена 8). Сотая апэрацыя была выканана літаральна ўчора. Пачала рэалізоўвацца дзіцячая праграма трансплянтацыі ныркі. На сёньня зроблена 8 трансплянтацый ныркі дзецям”.

З красавіка 2008 году ў Беларусі перасаджваюць печань, летась было зроблена 9 апэрацый. Намесьнік галоўнага лекара 9-га гарадзкога клінічнага шпіталя Алег Румо распавёў:

“Мы выканалі сёлета ўжо 25 апэрацый па перасадцы печані. А таксама правялі першую дзіцячую трансплянтацыю печані хлопчыку, які атруціўся бледнай паганкай. Цяпер ён пачувае сябе цудоўна”.

Беларускія хірургі пераходзяць ужо да комплексных апэрацый. Упершыню ў 2009 годзе выканана трансплянтацыя комплексу нырка — падстраўнікавая залоза. Што да бліжэйшых плянаў, кардыяхірург Юры Астроўскі кажа:

“Я мяркую, што ў наступным годзе летам мы зможам зрабіць першую трансплянтацыю лёгкіх, магчыма — двух адразу. Ну, а потым пяройдзем ужо да комплекснай трансплянтацыі: сэрца — лёгкія”. То бок замяшчаць функцыі ўсіх органаў грудной клеткі”.

Дырэктарка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі Вольга Алейнікава кажа, што дзецям зроблена больш як 350 перасадак касьцявога мозгу. 70% хворых дзетак цалкам вылечваюцца дзякуючы такім апэрацыям. Прафэсар Алейнікава распавяла, што замежныя адмыслоўцы, калі беларускія лекары толькі рыхтаваліся да першых апэрацый па перасадцы органаў, папярэджвалі: такія апэрацыі могуць дазволіць сабе разьвітыя і багатыя краіны. Што Беларусь разьвітая, у доктара Алейнікавай сумневу няма:

“Тое, што наша дзяржава, нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы, падтрымлівае ўсе перадавыя тэхналёгіі і ў галіне клетачнай трансплянталёгіі, і ў галіне трансплянталёгіі органаў. На працягу апошняга году мы сталі перасаджваць усё, што можам. Я думаю, што ў будучыні мы і мазгі перасадзім — праблема толькі ў донарах... Пераднавагодні настрой дазваляе нам так жартаваць. Я рада за сваіх калег, я ганаруся імі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG