Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13-ы заробак на “Атланце” — на 5 кг “навагодніх” мандарынаў


Бальшыня стратэгічных прадпрыемстваў Менску на час навагодніх сьвятаў згортвае вытворчасьць. Адміністрацыі заводаў задаволеныя вымушаным перапынкам, бо спыніцца можна цалкам легальна, не шукаючы адгаворак адносна прычыны прастояў.


На шэрагу прадпрыемстваў каляднымі міні-вакацыямі ўжо абвясьцілі 25, 26 і 27 сьнежня. З 30 сьнежня бальшыня працоўных будуць адпачываць яшчэ пяць дзён — да 4 студзеня 2010-га. Гэты графік тычыцца, у прыватнасьці, МТЗ і МАЗу. З улікам сьвятаў у студзені набярэцца ўсяго 18 працоўных дзён, што ўрэшце адрэзануе на заробках.

“25 тысяч рублёў! У нас усе кажуць: поўны зьдзек...”

У той час як кіраўнікі заводаў у роздуме — ці плаціць супрацоўнікам яшчэ і так званы 13-ы заробак — на заводзе бытавой тэхнікі “Атлант” грошы ўжо атрымалі. Праўда, тыя, якія былі абяцаныя яшчэ летась:

“25 тысяч рублёў! Гэта ўвогуле цяжка патлумачыць, адкуль зьявілася такая сума. На пару кіляграмаў мандарынаў пад Новы год. У нас усе кажуць: поўны зьдзек, лепш ужо не давалі б увогуле. Як сабаку костку кінулі — грызіце. А самі фуршэты на 50 гадоў ладзілі. Нядаўна заводу 50 гадоў было, дык хто гуляў, а хто араў. Адзінае, паабяцалі ад студзеня наладзіць нармальны вытворчы працэс. Дагэтуль на 2/3 працавалі, то бок атрымлівалася, што адна брыгада раз на два месяцы трапляла на такія ўмовы. А цяпер запэўніваюць: ад новага году ніякіх 2/3, будзем працаваць як мае быць. Мне якраз 4 студзеня на працу, паглядзім, чаго вартыя абяцаньні”.

“Прастоі, у прынцыпе, былі. Але ж людзі атрымалі свае 2/3 акладу...”

На менскім “Мотавела”, куды з дазволу ўладаў прыйшоў аўстрыйскі інвэстар, справы ня ладзіліся нават у актыўны сэзон. У навагоднія дні калектыў кінуты пераважна на прыбіраньне сьнегу. Як кажа выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Казімір Мароз, усе спосабы добрыя, калі трэба хоць нечым заняць людзей:

“Усе працуюць, апроч, можа, тых, хто ў адпачынку ці на бальнічным. Ужо фактычна другі год такая каніцель на прадпрыемстве цягнецца, але ў нас ніколі не было, каб мы выпраўлялі людзей у неаплачаны адпачынак. Калі нават і адпускаем, то з захаваньнем 2/3 заробку, як і прадугледжвае Працоўны кодэкс. А каб прасіць сваім коштам пагуляць — то не, няма такога. Пэрыядычна хтосьці скажае, што ў нас, маўляў, тысяча чалавек не працуе, але гэта ня так. Прастоі, у прынцыпе, былі. Але ж людзі атрымалі свае 2/3 акладу, 2/3 тарыфнай стаўкі — у каго там што. І то пару дзён такое было, а ў іншыя дні забіралі на прыбіраньне тэрыторыі ды ўсяго астатняга”.

Колішні дырэктар “Мотавела” Канстанцін Устымчук лічыць, што сытуацыя на прадпрыемстве — адна з самых складаных у горадзе. Ён не выключае, што адпачатку разглядаўся варыянт давядзеньня “Мотавела” да банкруцтва:

“Мяне туды ніхто асабліва і не пускае, а калі нават і пускалі, то ў суправаджэньні. Але што мой узровень, калі на пасадзе мэра і Паўлаў у свой час там шмат бываў, і віцэ-прэм’ер Сямашка (зь ім мы колісь паралельна працавалі дырэктарамі, ён кіраваў “Гарызонтам”). Ён таксама вёў гэты напрамак. Быў на правах гаспадара прадпрыемства і Менгарвыканкам, і адміністрацыя Ленінскага райвыканкаму, намесьнік міністра там апэратыўкі праводзіў. Але ўсё гэта цяпер сьмешна, проста несур’ёзна. Бо калі ўбачылі, што нічога вартага з гэтай ідэі ня будзе, папросту вырашылі ад заводу пазбавіцца. Паставіць яго на паток разбурэньня, пабудаваўшы на гэтым месцы офісы і г.д. А зрабіць гэта элемэнтарна”.

“Усе гэтыя МАЗы трэба было даўно пааддаваць, абы толькі ўзялі...”

Напярэдадні на нарадзе ў прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага гаварылася пра неабходнасьць залучэньня цягам наступнага году ў Беларусь замежных інвэстараў. Ці ўратуюць яны стратэгічныя прадпрыемствы? Антыкрызісны мэнэджар Мечыслаў Бурак лічыць, што беларускія гіганты наўрад ці каго зацікавяць, бо яшчэ ад савецкага часу вытворчасьць тут цяжкавагавая і не мабільная:

“Мы фізычна ня зможам нічога прадаць. Тое, што некалі маглі яшчэ прадаць як маёмасьць, дык час ужо мінуў. Усе гэтыя МАЗы трэба было даўно пааддаваць, абы толькі ўзялі. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х я казаў: трэба паўзьці на каленях да замежнікаў, прасіць, каб яны ў нас пазабіралі гэтыя гіганты. Але трэба ведаць, што прапанаваць. Бо ім не патрэбныя гэтыя нашы прэфэрэнцыі кшталту падатковых ільготаў, яны ня хочуць палёгкі ў вырабе нікому не патрэбнай прадукцыі. Трэба прыдумаць, на якой базе можна здаць усю гэтую маёмасьць, таму што сёньня валяцца не такія гіганты, як МАЗ ці МТЗ. Але сёньня нашы ўлады ня могуць нават з Расеяй дамовіцца, ня кажучы пра іншых. Адкрытым тэкстам Крэмль гаворыць пра расейскую экспансію ў Беларусь. Пруць, ды ўсё, бо на дух беларускае кіраўніцтва не пераносяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG