Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў – паэт, празаік. Закончыў Менскі пэдінстытут імя М. Горкага. Працаваў на Беларускім тэлебачаньні, быў галоўным рэдактарам часопіса “Крыніца” і тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Узначальваў Саюз пісьменьнікаў і Беларускі ПЭН-Цэнтар. Зборнік апавяданьняў і аповесьцяў Уладзімера Някляева “Цэнтар Эўропы” паводле экспэртаў праграмы “Дом літаратара” Радыё Свабода стаў найлепшай беларускай кнігай 2009 году.


Што для вас свабода?

Эканамічная катэгорыя.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Рэальнасьць.

Што для вас шчасьце?

Мая сям’я, сябры.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Звар’яцець.

Які талент вы хацелі б мець?

Талент картачнага шулера.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Людмілай, Вольгай і Натальляй.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Па-ангельску гэта называецца making love.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Я не хачу пражываць жыцьцё яшчэ раз.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Не разьмешваць сьмятану ў баршчы.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Гонар. Бог. Айчына.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Парлямэнцкая рэспубліка.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Гэта не краіна – міт. Шамбала.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У хрысьціянскую.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Даў бы гарантыі бясьпекі былому кіраўніку.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Эўразьвязаныя.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Беларуска-расейскія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?

Сваёй дыктатуры не бывае. Свая – свабода.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

На чарговых прэзыдэнцкіх выбарах.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

З 2011 году.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Не настане 2011 год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG