Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможца-2009 – Кітай


2009 год аналітыкі называюць годам Кітаю. Яго голас быў пачутым і на Капэнгагенскай канфэрэнцыі ў кліматычных зьменах, і пры абмеркаваньні праблемы іранскай ядзернай праграмы. Кітай пачынае дыктаваць.Чаму? Пра гэта -- у матэрыяле Вячаслава Ракіцкага.


Чалавецтва прывыкла выслухоўваць буйныя і магутныя дзяржавы. Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз і Расея традыцыйна выказваюцца па кожнай праблеме. Сёлета слухалі і Кітай. Найперш таму, што ён даказаў сваю эканамічную моц у той час, калі эканомікі бальшыні краінаў перажывалі спад.

Кітай пагадзіўся скараціць выкіды ў атмасфэру парніковых газаў, але адмовіўся ад міжнароднага кантролю сваіх плянаў барацьбы з глябальным пацяпленьнем. Ён забясьпечваў свае энэргетычныя патрэбы ў супрацоўніцтве з праблемнымі краінамі, якія багатыя на энэргетычную сыравіну, адкрываючы новы газаправод з Сярэдняй Азіі і запабягаючы новым санкцыям супраць Ірану. Кітай болей за іншыя краіны інвэставаў у хісткую амэрыканскую эканоміку.

Экспэрты прагназуюць, што эканамічны рост у Кітаі па выніках 2009 году складзе 8 працэнтаў. Гэта меней за фэнамэнальны сярэдні 10-працэнтны рост у гады, якія папярэднічалі глябальнаму крызысу. Але гэтага дастаткова, каб кітайская эканоміка заставалася на першым месцы ў сьвеце паводле тэмпаў росту.

Брытанскі эканаміст Гарэт Лэзэр кажа, што гэтага Кітай дасягнуў выкарыстоўваючы тую ж стратэгію, што і яго канкурэнты:

“Галоўным рычагом кітайскага росту летась былі моцныя фінансавыя і банкаўскія праграмы стымуляваньня, уведзеныя ўрадам пры канцы 2008 году. Вынікам – татальныя зьмены у інфраструктуры і зьніжэньне падаткаў, якое заахвоціла спажыўцоў набываць аўтамабілі і іншыя тавары. Гэта і прывяло да эканамічнага росту сёлета”.

Такая стратэгія мела рэвалюцыйны эфэкт. Ніколі раней кітайцы не куплялі ў такіх маштабах. Кітайскія банкі выдаткавалі крэдытаў болей як на 1,1 трыльёна даляраў, і людзі пачалі купляць лядоўні, ноўт-букі, нават новыя аўтамабілі і дамы. Так, сёлета кітайцы ўпершыню купілі легкавікоў болей, чым амэрыканцы. Чакаецца, што агульны аб’ём продажу ў Кітаі будзе 12,8 мільёна транспартных сродкаў, у той час як у Амэрыцы – 10,3 мільёна.

Экспэрты таксама адзначылі, што моцная эканоміка КНР таксама дапамагае іншым краінам лягчэй пераносіць спад. Паколькі кітайскія фірмы працягваюць купляць замежныя прадметы спажываньня, яны стымулююць экспарт іншых эканамічных сыстэмаў.

З гэтага скарысталася і эўразона. Яе агульны экспарт у Кітай і іншыя ўсходнеазіяція эканомікі павялічыўся да 6,3 працэнта ў другім квартале 2009 году пасьля амаль такога ж спаду ў першым. Высокія тэмпы росту ставяць Кітай у незвычайна моцны стан, каб праводзіць упэўненую экспансіянісцкую гандлёвую палітыку ў 2010 годзе.

Тым часам на міжнароднай арэне працягваецца спрэчка пра каштоўнасьць кітайскай валюты. Многія сьцьвярджаюць, што Пэкін штучна ўтрымлівае курс юаня ў параўнаньні з амэрыканскім далярам. Але кошты тавараў з маркіроўкай “Зроблена ў Кітаі” па-за канкурэнцыяй нават у Азіі, што і робіць цьвёрдай кітайскую валюту. І нават нягледзячы на замежны ціск зьменшыць пакупніцкую здольнасьць юаня, а значыць і стрымаць будучы рост Кітаю, краіна апошнімі гадамі назапасіла актыўны гандлёвы балянс памерам каля 2, 4 трыльёнаў даляраў, і большую частку гэтай сумы інвэставала ў амэрыканскія ўрадавыя аблігацыі. Інвэстыцыі настолькі вялікія, што калі б Кітай іх забраў, гэта вельмі моцна закранула б амэрыканскую эканоміку.

Дасягненьні Кітаю ў 2009 годзе абумоўленыя ўсімі тымі зьменамі, якія адбываюцца ў краіне цягам апошніх 30 гадоў. На думку аналітыкаў, эканоміка разьвівалася так дынамічна, дзякуючы адмысловай камбінацыі таннай працоўнай сілы і высокай запатрабаванасьці кітайскіх тавараў за мяжой. Для эканомік разьвіваных краінаў гэта ідэальныя ўмовы. У выпадку Кітаю гэта дало самы высокі тэмп росту сярод усіх краінаў за ўсю гісторыю чалавецтва.

Нарэшце ёсьць выдатная падстава для стварэньня Кітаем дзяржаўных праграмаў аховы здароўя і пэнсійнага забесьпячэньня. Узмацніцца сярэдні кляс. Іншая справа, ці зможа ён уплываць на ўладу і паляпшэньне стану з правамі чалавека.

У 2009 годзе ва ўмовах глябальнага спаду, калі і ёсьць пераможца, дык гэта – Кітай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG