Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Пуцін: “Расеі трэба разьвіваць ударныя наступальныя сыстэмы”


Пра гэта прэм'ер-міністар Расеі заявіў журналістам сёньня, падчас рабочай паездкі ва Уладзівасток. "Нам трэба разьвіваць ударныя наступальныя сыстэмы", – сказаў У. Пуцін, адзначыўшы, што гэта дазволіць захаваць стратэгічны балянс з ЗША, якія, у адрозьненьне ад Расеі, разьвіваюць супрацьракетную абарону (СРА).


Як паведамляе агенцтва "РИА-Новости", Пуцін падкрэсьліў, што пытаньні супрацьракетнай абароны і наступальных узбраеньняў шчыльна зьвязаныя. “Тое, што утрымлівала і захоўвала сьвет нават ва ўмовах “халоднай вайны” – гэта балянс сіл, у які ўкладаюцца і суадносіны сіл СРА, СПА і наступальных сыстэм ўзбраеньняў », – адзначыў кіраўнік урада Расеі.

У сувязі з гэтым ён заявіў, што «калі мы не разьвіваем СРА, то ў нас ствараецца небясьпека таго, што, стварыўшы над сабой парасон супраць нашай наступальнай сыстэмы, нашы партнэры могуць адчуць сябе ў поўнай бясьпецы». «Тады нашы партнэры будуць рабіць усё, што захочуць, агрэсіўнасьць адразу ўзрасьце і ў рэальнай палітыцы, і ў эканоміцы. Балянс парушыцца», – падкрэсьліў У. Пуцін.

"Калі мы хочам абменьвацца інфармацыяй, няхай (ЗША) перадае ўсю інфармацыю па СРА, а мы гатовыя перадаваць інфармацыю па наступальных узбраеньнях", – дадаў расейскі прэм'ер.

Пуцін таксама станоўча ацаніў ход перамоўнага працэсу з ЗША па пытаньні скарачэньня наступальных узбраеньняў (СНВ). “У цэлым, перамоўны працэс разьвіваецца пазытыўна”, – сказаў ён.

Тэрмін дзеяньня дамовы аб СНВ скончыўся 5 сьнежня 2009 года. Расія і ЗША разьлічваюць узгадніць новую дамову напачатку 2010 года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG