Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч зьвярнуўся да міністра культуры Паўла Латушкі ў сувязі з намерамі ўладаў зьнесьці ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласьці будынак былой карчмы XIX стагодзьдзя.

Як падае БелаПАН, у лісьце адзначаецца, што 23 лістапада старшыня таварыства накіраваў Беларускаму дзяржаўнаму музэю народнай архітэктуры і побыту прапанову падрыхтаваць неабходныя матэрыялы на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры з мэтай наданьня будынку былой карчмы — унікальнаму помніку беларускай традыцыйнай драўлянай архітэктуры статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці з далейшым унясеньнем яго ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Прапанова была абумоўлена тым, што пасьля дасьледаваньня гэтага будынка супрацоўнікамі музэя, спэцыялізаваных дасьледчых устаноў і рэстаўрацыйных прадпрыемстваў генэральным плянам і канцэпцыяй разьвіцьця музэю прадугледжаны перанос былой карчмы ў музэйную экспазыцыю для яе далейшай рэстаўрацыі і музэефікацыі, гаворыцца ў лісьце.

А.Астаповіч таксама паведамляе, што таварыства не атрымала ад музэю ніякага адказу на працягу тэрміну, устаноўленага нарматыўна-прававымі актамі ў галіне дакумэнтазвароту. Старшыня таварыства просіць міністра культуры прыцягнуць да службовай адказнасьці супрацоўнікаў музэю, вінаватых у парушэньні нарматыўна-прававых актаў у галіне дакумэнтазвароту, забясьпечыць пісьмовы адказ музэю на прапанову грамадзкага аб'яднаньня і прадстаўленьне на яго адрас матэрыялаў, неабходных для падрыхтоўкі прапановы па наданьні будынку карчмы статусу помніка.
XS
SM
MD
LG