Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад абяцае сярэдні заробак ў 1,5 мільёна рублёў

абноўлена

Сёньня ўрад Беларусі абмяркоўваў эканамічную палітыку ў 2010 годзе. Абяцаюць сярэдні заробак у паўтара мільёна рублёў і ўваходжаньне Беларусі ў трыццатку дзяржаваў сьвету з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу.


Урад і Нацбанк Беларусі падрыхтавалі праект сумеснай пастановы аб дзеяньнях па рэалізацыі прагнозных парамэтраў разьвіцьця эканомікі на 2010 год. Парамэтры гэтыя раней былі зацьверджаныя ўказам А. Лукашэнкі, яны прадугледжваюць рост валавога ўнутранага прадукту на 11—13 працэнтаў і рост сярэдняга заробку да 500 даляраў.

Паводле прэм’ера Сяргея Сідорскага, урад падрыхтаваў для такога росту ўсю патрэбную арганізацыйную аснову.

Віцэ-прэм’ер ураду Андрэй Кабякоў паведаміў, што асноўны акцэнт у дакумэнце зроблены на лібэралізацыі ўмоваў эканамічнай дзейнасьці і разьняволеньні ініцыятывы. Прапануюцца канкрэтныя крокі ў галінах цэнаўтварэньня, фінансавай, інвэстыцыйнай палітыкі, разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, паляпшэньня ўмоваў для прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што ўраду ня ўдасца дасягнуць заплянаваных на 2010 год парамэтраў ВУП і сярэдняга заробку. Фінансавы стан эканомікі Беларусі складаны, страчаныя шмат якія рынкі, канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў упала, кажа спадар Злотнікаў.

“Ведаючы сытуацыю ў эканоміцы, можна ацаніць гэтыя пляны як занадта аптымістычныя. Але наш прэм’ер заўсёды аптымістычны. Нагадаю, што роўна год таму назад, на пачатку сьнежня, ён заявіў, што да канца сьнежня мы лібэралізуем беларускую эканоміку. Але ўжо й год прайшоў, і канца-краю няма гэтай лібэралізацыі”.

Сёньня прэм’ер Сяргей Сідорскі і віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў зноў заявілі пра актуальнасьць плянаў увесьці Беларусь у трыццатку лепшых краін паводле ўмоваў для вядзеньня бізнэсу і зблізіць беларускае заканадаўства зь міжнароднымі нормамі фінансавай справаздачнасьці. Спадар Сідорскі абяцаў таксама комплекс захадаў для падтрымкі недзяржаўнага сэктару эканомікі.

Эканаміст Леанід Злотнікаў сумняецца ў рэальнасьці гэтых плянаў:

“Так не бывае, каб з апошняга месца па сыстэме падаткаабкладаньня ў сьвеце ўзьняцца недзе ў сярэдзіну за адзін год. Для гэтага патрэбныя радыкальныя лібэральныя рэформы. Адкуль яно возьмецца? Толькі ад таго, што ўрад будзе пагражаць кулаком прадпрымальнікам і дырэктарам, каб яны выканалі вызначаныя паказчыкі?”

Прэм’ер Сідорскі сёньня таксама заявіў пра плян інвэстыцый у асноўны капітал на 2010 год у аб’ёме 60 трыльёнаў рублёў, у тым ліку 3 мільярды даляраў наўпроставых замежных інвэстыцый. Леанід Злотнікаў зазначае, што сёлета пад канец году тэмпы інвэставаньня ў беларускую эканоміку значна ўпалі і ён ня бачыць магчымасьцяў для імклівага росту налета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG