Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да ўвядзеньня новага мыта на аўтамабілі для юрыдычных асобаў – 2 дні


Новае мыта на ўвоз аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі пачынае дзейнічаць 1 студзеня. Правілы ўвозу аўтамабіляў прыватнымі асобамі пакуль ня выпрацаваны – іх плянуецца распрацаваць да 1 ліпеня 2010 году.

Агенцтва БЕЛТА прыводзіць выказваньне віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова аб тым, што для Беларусі легкавыя аўтамабілі зьяўляюцца адзінай таварнай групай, адносна якой зьмена мыта істотна закранае інтарэсы грамадзян.

"У гэтага рашэньня для нас ёсьць істотныя мінусы, але разам з тым яно нясе і бясспрэчныя эканамічныя выгады як бягучага, так і пэрспэктыўнага характару", - лічыць Андрэй Кабякоў.

Андрэй Кабякоў распавёў пра спрэчкі, якія папярэднічалі заключэньню пагадненьня. Паводле яго "Расея і Казахстан спачатку не падтрымлівалі прапанову Беларусі па падвышэньні мыта на цягачы і прапанову не зьніжаць яго на аўтобусы, былыя ва ўжытку, і іншую аўтатэхніку". Казахстан у прынцыпе не гатовы быў ісьці на гэтыя радыкальныя зьмены ставак мыта. У той жа час Беларусь не згаджалася на падвышэньне ставак мыта на легкавыя аўтамабілі. Але, паводле спадара Кабякова, “было знойдзенае рашэньне”. Тры краіны вырашылі ўступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю адзіным блёкам, “што надзвычай выгадна для Беларусі”. "Гэта якраз тое, на чым мы настойвалі на працягу апошніх гадоў", – падкрэсьліў Андрэй Кабякоў.

Паводле Кабякова, у адказ на саступку Беларусі па мыце на аўтамабілі, іншыя краіны Мытнага зьвязу прынялі прапанову Беларусі падвысіць мыта на ўвоз седлавых цягачоў, грузавых аўтамабіляў, станочнага абсталяваньня і электрарухавікоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG