Лінкі ўнівэрсальнага доступу

lipkovich

Пад нагамі лужына з чорнай вадой, а на вуліцы ляжыць сьнег. Але ня холадна. Гэта таму, што ветру няма. А сувязі няма ўжо некалькі дзён, здаецца, пяць, ня кажучы ўжо пра інтэрнэт. Я нават ня ведаю, ці ёсьць ён наогул. Я таксама ня ведаю толкам, які сёньня дзень тыдня, надышоў ужо Новы год ці яшчэ не.

Са столі капае. І пахне. Пахне ванітамі.

У нас засталося трохі снарадаў, патроны, і мы трымаемся.

Усё здарылася ў канцы восені. Пачалося, вядома, значна раней, але тады прарвала.

11 лістапада сэйсьмічная станцыя ААН у Таджыкістане засекла слабы штуршок на тэрыторыі Ірану.

Экстранна скліканая Рада Бясьпекі ААН не змагла прыняць ніякага рашэньня. Дэбаты працягваліся некалькі дзён, аятолы ўсьміхаліся. Праз тыдзень штуршкі паўтарыліся і ўзмацніліся.

“Санкцыі, санкцыі” — чарговым разам загарлалі на Захадзе.

У нас няма пераканаўчых доказаў, што гэта ядзерныя выпрабаваньні, адказвалі ў Маскве і ў Пэкіне.

Прэм'ер-міністар Ізраілю перасяліўся ў самалёт і жыў у прамежках паміж пасадкамі ў Маскве, Вашынгтоне, Боне, Лёндане і Парыжы.

Нарэшце Тэль-Авіў, канчаткова зразумеўшы, што рашэньня так і ня будзе, пачаў дзейнічаць самастойна. Маўклівая згода Вашынгтона была атрымана. Зрэшты, і маўклівая згода Крамля.

Раньнім ранкам 1 сьнежня 2010 году быў нанесены ўдар па ядзерных аб'ектах Ірана.

І адразу ўсё пакацілася па накатаным сцэнары.

Дэманстрацыі, паленьне сьцягоў, гнеўныя рэзалюцыі ААН, авіяносцы, спадарожнікі, блякада, CNN, біржа, нафта, доў-джонс, эмбарга …

Лідэры рабілі заявы, якія здаваліся ім важнымі. Сьпехам ладзіліся новыя кааліцыі, блёкі, зьвязы…

Зайгралі мускулы, зашчоўкалі затворы, пачалі паварочвацца ключы ў замках запальваньня, завуркаталі рухавікі, пальцы завісьлі над чырвонымі кнопкамі.

Рух Недалучэньня абвясьціў пра экстраную сустрэчу ў Вэнэсуэле.

“Запрашэньне Прэзыдэнта Беларусі выступіць на адкрыцьці сэсіі Руху кажа пра рост міжнароднага аўтарытэту…”
5 сьнежня 2010 году прэзыдэнт Беларусі вылецеў у Каракас.

У бок аэрапорта шалёна імчыць калёна чорных аўтамабіляў. Сырэны, мігалкі, міліцыянэры на кожным рагу, незадаволеныя погляды мінакоў.

Пасярод Атлянтыкі прэзыдэнцкі “Боінг” зьнік з радараў. ...

5 сьнежня 2010 году прэзыдэнт Беларусі вылецеў у Каракас.

У бок аэрапорта шалёна імчыць калёна чорных аўтамабіляў. Сырэны, мігалкі, міліцыянэры на кожным рагу, незадаволеныя погляды мінакоў.

Пасярод Атлянтыкі прэзыдэнцкі “Боінг” зьнік з радараў.

Ці была гэта аварыя, ці дывэрсія — цяпер няважна.

У гарачую зіму 2010 году гэта была адна з шматлікіх катастрофаў.

Па CNN некалькі гадзін паказвалі бягучы радок, але потым ён зьнік. Рух Недалучэньня ўшанаваў памяць загінулага хвілінай маўчаньня.

І ўсё.

Чалавецтва было занята важнейшымі справамі.

Ракеты працягвалі падаць, і ўжо ня толькі на Блізкім Усходзе. У Аўганістане і Пакістане талібы перайшлі ў наступ. Успыхнулі Сярэдняя Азія і Паўночны Каўказ. У Маскве штогадзіны нешта выбухала.

З самай раніцы 6 сьнежня па Менску папаўзьлі злавесныя чуткі. Казалі, што тры месяцы як прызначаны прэм'ерам былы галава Нацыянальнага банку не знайшоў агульнай мовы з Насьледным Прынцам і па сумяшчальніцтве галоўным дарадцам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы.

Танкі зьявіліся пад дзясятую гадзіну і, грукочучы, прайшлі праспэктам Незалежнасьці. Адначасова зьявіліся грузавікі з салдатамі.

Па ўсіх каналах тэлебачаньня паказвалі выступы народных ансамбляў і харавых капэляў. Усе радыёстанцыі спынілі вяшчаньне ў FM-дыяпазоне, доступ у сусьветнае павуціньне быў закрыты, мабільная сувязь не працавала, званкі за мяжу і з-за яе былі заблякаваныя.

А дванаццатай гадзіне паведамілі пра пачатак пазачарговай сэсіі Народнага Сходу.

Я як цяпер памятаю АМАПаўцаў, АБАМаўцаў і яшчэ чорт ведае якія абрэвіятуры, якія выглядваюць з кожнай падваротні. Шэрыя твары дэпутатаў, якія, стрымліваючы трымценьне рук, заклікаюць народ да спакою. Ланцуг абыякавых бязвусых салдатаў, якія нікога не прапускаюць да будынка Дома ўраду. Вэтэраны, якія гучна і радасна разважаюць у грамадзкім транспарце пра тое, што пара ўжо даць “гэтым” зразумець, што ўлада ёсьць улада, а то “гэтыя” зусім распусьціліся.

“… усьведамляючы адказнасьць, якая ляжыць перада мной за народ і краіну…” — пачулі мы праз тэлевізар рыплівы голас з залі парлямэнту.

Экран задрыжаў, на імгненьне згас, і замест крывой усьмешкі прэм'ера зьявіўся бадзёры твар маладога хлопца ў ваеннай форме памежніка на фоне чырвона-зялёнага сьцяга. Трохі хвалюючыся, хлопец зачытаў з паперкі:

“… з прычыны выключнай небясьпекі страты дзяржаўнага сувэрэнітэту бяром на сябе ўсю паўнату ўлады да поўнай стабілізацыі становішча. Пасьля чаго будуць абвешчаны свабодныя выбары. Дзеяньне Канстытуцыі прыпыняецца, абедзьве палаты парлямэнту распускаюцца…”

Мне сьніцца адзін і той жа сон. Ужо каторую ноч. Яркі, жывы, амаль сапраўдны. Толькі са шчасьлівым канцом.

Вакол мяне разваліны. Я сяджу на гарачай брані і гарлаю ў шлемафон, патрабуючы падтрымкі з паветра. Дзесьці зусім непадалёк ідзе бой. Надпіс на скрыўленым дарожным указальніку: “Смаленск — 10 км”.

У сьне дапамога прыходзіць. Але я прачынаюся.

І зноў крапае са столі, і зноў саладжавы ванітны пах непрыбраных трупаў.

Лісьлівы голас з цудам ацалелага прымача тлумачыць, што гэты джыхад вядзецца ў імя ісьляму.

“Няма бога, акрамя Алаха, — нясецца з дынаміка, — і Магамет — прарок яго”.

Раздаецца некалькі дробных штуршкоў. А сьледам узьнікае нізкі гул. Ён мацнее, робіцца ўсё гучнейшы і гучнейшы.

Цяпер ізноў пачнецца, цяпер яны зноў палезуць.

“Ойча наш, іжэ есі на небесі, — моліцца сяржант, — да сьвяціцца імя Тваё, да прыідзе царства Тваё…”

Ужо трасуцца муры, зьверху сыплецца тынк. Хтосьці з байцоў доўга і мудрагеліста лаецца.

Але мы гатовыя.

Мы ведаем, што адступаць няма куды.

За намі Эўропа…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG