Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На навагоднія сьвяты – празь міліцэйскі надгляд


Менская міліцыя заклікае загадзя прыходзіць на масавыя мерапрыемствы ў рамках навагодніх сьвяткаваньняў. На вялікія імпрэзы людзей будуць прапускаць гэтак жа, як на міжнародныя футбольныя матчы – праз мэталяшукальнікі і пасьля асабістага дагляду.

Па словах супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму, асабліва будуць кантралявацца стратэгічныя аб’екты. Прыкладам, у ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі, ля стэлы “Менск – горад-герой” і некаторыя іншыя будуць адгароджаныя, на адмысловых ўваходах будуць усталяваныя пункты пропуску.

Усе ахвотныя пасьвяткаваць не індывідуальна, а ў натоўпе, будуць надглядацца на прадмет праносу агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і іх імітатараў, а таксама алькагольных напояў і піва. Ня будуць дапускацца да імправізаваных сцэнаў “наўючаныя” вялікімі заплечнікамі, роварамі, лыжамі ці ў суправаджэньні сабак.

У апошні час масавыя сьвяткаваньні усё больш пераўтвараюцца ў імітацыю весялосьці за жывой міліцэйскай агароджай. Аднак заўважна меней народу ад гэтага на вуліцах не становіцца.
XS
SM
MD
LG