Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла канфэрэнцыя навукоўцаў-эканамістаў з розных краін сьвету. Яе арганізатарамі выступілі Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар і навукоўцы амэрыканскіх ВНУ, якія маюць беларускае паходжаньне.


Удзел у канфэрэнцыі прынялі навукоўцы-эканамісты з 15 краін сьвету, у тым ліку ЗША, Швэцыі, Калюмбіі і іншых. Гэта прафэсары эканомікі, выкладчыкі, асьпіранты, магістры, эканамісты зь незалежных дасьледчых цэнтраў. Адзін з арганізатараў, прафэсар эканомікі Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША) Алег Цывінскі гэтак пракамэнтаваў мэту сустрэчы:

Алег Цывінскі
“Асноўная мэта канфэрэнцыі — гэта паказаць, што ў Беларусі ёсьць акадэмічныя эканамісты ўсясьветнага ўзроўню, і прывезьці тых эканамістаў, якія працуюць за мяжой у лепшых унівэрсытэтах, у Беларусь. І другое — гэта паказаць для эканамічнай супольнасьці Беларусі, што такое перадавая эканамічная навука. То бок сёньняшняя канфэрэнцыя — гэта зрэз самых лепшых эканамічных дасьледаваньняў — усё самае лепшае, што ёсьць у эканамічнай навуцы”.

Арганізатары заяўляюць, што гэта першая такая міжнародная эканамічная навуковая канфэрэнцыя, але яе плянуецца зрабіць штогадовай. Падобныя сустрэчы павінны стаць школай вывучэньня найсучасьнейшых дасягненьняў эканамічнай навукі для беларускага акадэмічнага асяродку. Яшчэ адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, таксама прафэсар эканомікі Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША) Міхаіл Голасаў, кажа, што на месца правядзеньня канфэрэнцыі паўплывала іх беларускае паходжаньне. А пра зацікаўленасьць замежных дасьледчыкаў у супрацоўніцтве зь беларускімі навуковымі эканамічнымі коламі ён паведаміў наступнае:

Міхаіл Голасаў
“Я б зманіў, калі б сказаў, што ў амэрыканскім эканамічным асяродзьдзі ўсе пільна сочаць за разьвіцьцём эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Такую канфэрэнцыю можна было б правесьці ў Ельскім унівэрсытэце, Гарвардзе, у Расейскай эканамічнай школе. Але мы сказалі, што мы хочам правесьці ў Менску. І гэта было ўспрынята вельмі станоўча, таму было нескладана сабраць гэтую канфэрэнцыю”.

Плянуецца, што супрацоўніцтва перадавой міжнароднай навуковай эканамічнай супольнасьці зь беларускімі недзяржаўнымі і ўрадавымі коламі будзе арганізавана празь Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар, які ўзначальвае Павал Данэйка. Пра пэрспэктывы працы ён сказаў наступнае:

Павал Данэйка
“Існуюць пляны пра вялікі набор розных сэмінараў, навуковай, дасьледчыцкай працы, а праз год будзе яшчэ адна такая канфэрэнцыя. Зараз гаворка вядзецца пра тое, каб стварыць пляцоўку для эканамістаў, якія працуюць за мяжой, каб яны маглі частку свайго эканамічнага патэнцыялу вярнуць на радзіму”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG