Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З газэтнай падшыўкі за 2010 год


czalex

У сваім архіве я выпадкова знайшоў пераднавагодні нумар адной дзяржаўнай газэты 2010 года. Падаю рэдакцыйны артыкул да вашае ўвагі:

З надыходзячым новым 2011 годам, шаноўныя сябры!

Апошні ў 2010 годзе нумар нашай газеты хацелася б пачаць з віншавання з надыходзячымі святамі. Прайшоўшы год для нашай рэспублікі быў адзначаны многімі важнымі і падчас пераломнымі падзеямі. Узгадаем хаця б бліскучае выступленне нашай зборнай на Алімпіядзе ў Ванкуверы і другое месца Беларусі на дзіцячым “Еўрабачанні”!

Улетку ўрад Беларусі ўрачыста абвясціў мараторый на смяротнае пакаранне, і ў кастрычніку быў нарэшце адноўлены статус Беларусі як адмыслова запрошанай пры Савеце Еўропы. Еўрапейскія назіральнікі высока ацанілі прагрэс развіцця дэмакратыі ў рэспубліцы: Беларусь увяла самае прагрэсіўнае ў Еўропе заканадаўства па абароне правоў інвалідаў і па процістаянню глабальнаму пацяпленню, за што наш Прэзідэнт атрымаў шырокую падтрымку міжнароднай праваабарончай супольнасці. У войска ў 2010 г. было прызвана ўсяго толькі сем актывістаў апазіцыі і толькі дзве незалежныя рэгіянальныя газеты былі зачынены.

У выніку прагрэсіўных палітычных рэформ у рэспубліцы імкліва пачалося партыйнае будаўніцтва, утварылася тры новыя партыі — “Сацыялістычная славянская партыя”, партыя “Белая Русь” і “Расійска-беларуская партыя духоўнай справядлівасці”. З пятай спробы ў якасці грамадскага аб'яднання зарэгістравалася і так званая БХД.

У пачатку года адбыліся выбары ў мясцовыя саветы. Сярод іншага, дэпутатамі мясцовых органаў улады былі абраныя чатыры прадстаўнікі так званай апазіцыі, з іх тры пасля свайго абрання вырашылі выйсці з сваіх дэструктыўных партый і заявілі аб лаяльнасці Прэзідэнту і ягонаму курсу.

Шырыцца саюзнае будаўніцтва з Расіяй, распрацавана і знаходзіцца ў стане разгляду Канстытуцыя Саюзнай Дзяржавы.

Заўважны істотныя поспехі ў эканоміцы: у самым пачатку 2010 года Беларусь выгадна прадала расійскім інвестарам “Нафтан”, а на працягу года — шэсць кампаній канцэрна “Белнафтахім”. Беларусь зноў палепшыла свае пазіцыі паводле рэйтынгу “Doing Business”: падатковая сістэма рэспублікі з 183 месца паднялася на 162-е. Нарэшце, курс амерыканскага долара ў канцы года зноў апусціўся ніжэй за 3100 беларускіх рублёў!

І, канечне ж, нельга не ўзгадаць, што мінулы год указам Прэзідэнта быў абвешчаны Годам роднай мовы. Следуючы закліку кіраўніцтва рэспублікі, натхнёная прыкладам Прэзідэнта, перайшла на беларускую мову і наша любімая вамі газета!

Весялей стала жыць, лепей!

Ваш галоўны рэдактар,

С. Хлуськоў

(Газета “Народная Звязда”, № 2103 ад 30 снежня 2010 года)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG